Афшоры Зяленскага, "чайка" Цімашэнка, багатая жонка Бойкі і дываны Парашэнкі
112.ua
Грамадскае вывучыла маёмасць першай пяцёркі кандыдатаў у прэзідэнты Украіны. Спойлер: найбольшы даход у Парашэнкі і Зяленскага, Бойка жыве за кошт жонкі, Цімашэнка хоча знізіць тарыфы на газ з-за таго, што ёй ледзьве хапае грошай на аплату ацяплення свайго вялікага дома, а заробку Грыцэнкі ў Кіева-Магілянскай акадэміі хопіць хіба што на некалькі квіткоў на канцэрт Imagine Dragons.
Зяленскі і "прададзены смех"
За гады працы ў культурнай сферы Зяленскі зарабіў нямала. Паводле звестак партала Liga.net, у яго ёсць два дзясяткі кампаній, 17 бізнес-партнёраў, на яго зарэгістравана 30 гандлёвых марак. Хоць у дэкларацыі ён указаў толькі тры афшоры і 11 кампаній, дзве з якіх — у стоадсоткавай уласнасці, а яшчэ дзевяць — у частковай (каля 20%). Згодна з дэкларацыяй, Зяленскі таксама мае ў сваім актыве патэнты на вынаходніцтвы і карысныя мадэлі.
Сродкі, заробленыя на "прададзеным смеху", Зяленскі ўклаў у надзейны "банк" — нерухомасць. Ён валодае домам і кватэрай, яшчэ адна кватэра запісаная на яго жонку, Алену, астатнія жылыя і нежылыя памяшканні пара дзеліць з партнёрам Барысам Шэфірам і яго жонкай. Агульная плошча нерухомасці, якая належыць Зяленскім, толькі ва Украіне складае больш за 2 тыс. кв.м, гэта амаль траціна футбольнага поля на кіеўскім стадыёне "Алімпійскі".
Акрамя таго, муж і жонка здаюць у арэнду нерухомасць у Лондане, за кошт чаго атрымліваюць даход больш $22 тысячы ў год. Пара валодае двума аўтамабілямі — Range Rover 2016 выпуску, на якім ездзіць сам Зяленскі, а таксама Mercedes-Benz S 500 2014 года, які, згодна з дэкларацыяй, належыць яго жонцы.
Што тычыцца зберажэнняў і паступленняў, яны ў кандыдата на прэзідэнцкі пост немалыя — у 2017-м ён атрымаў амаль 48 тысяч долараў заробку, а яшчэ 137 тысяч долараў — прыбытак ад прадпрымальніцкай дзейнасці. У жонкі даход больш сціплы — 6,5 тысяч долараў у год. У той жа час зберажэнняў у сям'і Зяленскіх — больш за $700 тысяч у валюце і яшчэ амаль 1,5 млн грыўняў ($ 48 тысяч).
Юлія Цімашэнка: заробак на камунальныя
А вось кіраўніца "Бацькаўшчыны" жыве, у параўнанні з Зяленскім, сціпла — у яе разам з мужам маёмасці не так шмат. Аўтамабіляў таксама два, але, акрамя Mercedes-Benz 2014 года, ёсць савецкі аўтамабіль прадстаўніцкага класа ГАЗ-14 або "Чайка" 83-га года выпуску.
У Юліі Уладзіміраўны ёсць чатыры зямельныя ўчасткі і вялікі дом плошчай у амаль 600 кв. метраў. На ўтрыманне дома за год сыходзіць каля 6 тыс. кубаметраў газу — на ацяпленне, падрыхтоўку ежы і гарачую ваду. Вялікую тэрыторыю складана абагрэць, таму, відавочна, сям'я Цімашэнак у немалой страце — нашы грубыя падлікі паказваюць, што прыкладна пятую частку даходаў дэпутат траціць толькі на газ. Нядзіўна, што лідар "Бацькаўшчыны" хоча знізіць тарыфы на блакітнае паліва.
Зарабляе Цімашэнка не так ужо і шмат — за год атрымала крыху больш за $15,5 тысяч — гэта зарплата і выдаткі на выкананне дэпутацкіх паўнамоцтваў.
Мяркуючы па дэкларацыі, муж і жонка жывуць пераважна на грошы мужа — у 2017-ым Аляксандр Цімашэнка зарабіў больш за $96,7 тысяч. Гэты прыбытак яму забяспечылі дзве кампаніі ў парфумернай і энергетычнай прамысловасці, яшчэ $7,8 тысяч ён атрымаў ад замежнай дзейнасці.
Асобны артыкул у дэкларацыі — каштоўнасці. Экс-прэм'ер задэкларавала нямала упрыгожванняў, сярод якіх — два гадзіннікі і восем ювелірных камплектаў, у прыватнасці, ад Chanel, Chopard і Cartier.
Юрый Бойка і яго багатая жонка
У галоўнага апазіцыянера Юрыя Бойкі амаль нічога няма. Мяркуючы па дэкларацыі, ён фактычна знаходзіцца на ўтрыманні жонкі. На яго запісаныя толькі дзве кватэры ў Рубежным ў Луганскай вобласці агульнай плошчай каля 120 кв. метраў і домік з участкам у вёсцы Дзіброва ў Данецкай вобласці.
А вось яго жонка — сапраўдны лендлорд. Яна валодае жылой і офіснай нерухомасцю ва Украіне агульнай плошчай больш за 700 кв. м, а таксама кватэрай плошчай 220 кв. м у Расіі. Жонцы таксама належаць 13 зямельных участкаў. На Бойку, праўда, зарэгістраваныя два аўтамабілі — Mercedes-Benz 2006 года і ВАЗ-2101.
Яшчэ ў заможнай жонкі Бойкі немалыя зберажэнні. Яна задэкларавала больш за $45,6 тысяч на рахунку ў "НК Банк" у Расійскай Федэрацыі. Ва Украіне таксама нямала — $404 тысячы. У той жа час сам Юрый Бойка задэклараваў дзевяць грыўняў ($0,33) на банкаўскім рахунку і 200 тысяч ($7,3 тысячы) наяўнымі. Зарабляе ён няшмат: у 2017-м меў не больш за $18 тысяч прыбытку (заробак на ажыццяўленне дэпутацкай дзейнасці).
А вось жонка на дывідэндах ад кампаній, адсотках ад укладаў і зарплаце атрымала больш $312 тысяч. Таксама яго жонка валодае акцыямі Луганскага электраапаратнага завода. Такім чынам, сумарны даход сям'і Бойка перавышае нават прыбыткі Зяленскіх.
Анатоль Грыцэнка — бедны палкоўнік
Падчас інтэрв'ю Дзмітрыю Гордону яшчэ адзін кандыдат, Анатоль Грыцэнка, заявіў, што хаваць яму няма чаго.
"Калі хтосьці знойдзе ў мяне маёмасць, скрадзены кавалак завода або тэрыторый, якія "прыватызавалі" я ці члены маёй сям'і, то я ці адразу аддам, або аддам 25%, як калі знаходзяць скарб", — сказаў тады Грыцэнка.
Таму "сумленны палкоўнік" Анатоль Грыцэнка (ён калісьці скончыў ваенную службу ў чыне палкоўніка, праслужыў у войску 27 гадоў — рэд.) практычна не мае прыбыткаў. Амаль уся маёмасць, якую кандыдат ўнёс у дэкларацыю, зарэгістравана на яго жонку, журналістку Юлію Маставую. Толькі адна з чатырох кватэр агульнай плошчай 281 кв.м — у агульнай уласнасці мужа і жонкі. У Маставой таксама ёсць два зямельных ўчасткі ў Абухоўскім раёне.
У пары дзве машыны —Toyota Rav 4 2016 года, запісаная на імя жонкі, і Volvo ХС90 2013 года, зарэгістраваная на Грыцэнку. А яшчэ ў яго ёсць гідрацыкл Yamaha.
Зарабляюць у сям'і Грыцэнка-Маставой таксама няшмат. У 2017-м ён атрымаў толькі 5,2 тысячы пенсіі і яшчэ каля $550 заробку як выкладчык універсітэта "Кіева-Магілянская акадэмія". Жонка не такая багатая, як спадарожніца Бойкі — яна атрымала $14,7 тысяч за 2017-ты. Зберажэнні ў сям'і складаюць $170,5 тысяч на банкаўскіх рахунках і 120 тыс. грыўняў ($4,4 тыс.) наяўнымі. Таму Грыцэнка, які неяк прызнаўся, што слухае хіты гурта Imagine Dragons, відавочна, не можа сабе дазволіць шыкаваць, хоць на квіток на канцэрт любімага гурта яму такі павінна хапіць.
Пётр Парашэнка зарабляе на адсотках
А вось дзейны прэзідэнт свой дастатак не хавае, і выглядае ў спісе як салідны алігарх, у пэўнай ступені ім і застаючыся. Але, у адрозненне ад Юліі Цімашэнка, грошай на газ яму не шкада — заробак дазваляе ацяпляць дом плошчай крыху менш за 1,5 тыс. кв.м. Падобна на тое, прэзідэнт вырашыў задэклараваць ўсё, што мае ў доме: дываны, ювелірныя ўпрыгожванні, гадзіннік, камплекты мэблі, карціны, свяцільнікі, электронную тэхніку, хатнюю хімчыстку, тры футравых кажушка і некалькі дарагіх сумак жонкі, сярод якіх Fendi коштам $4 тысячы. У першай ледзі таксама ёсць садовы домік на 320 кв.м і шэсць зямельных участкаў.
І пра аўтапарк. Марына і Пётр Парашэнкі валодаюць двума аўтамабілямі — Mercedes-Benz Vito 116 2010 года і Jaguar XF 2008-га, яшчэ тры аўто Mercedes-Benz Vito 116 знаходзяцца ў бязвыплатным карыстанні кіраўніка дзяржавы.
Разам з тым прэзідэнт да гэтага часу з'яўляецца канчатковым бенефіцыярам 102 юрыдычных асоб, у асноўным звязаных з кампаніяй "Рашэн" і "Кузняй на рыбацкім". У пачатку 2018-га ў гэтым спісе была і фабрыка ў расійскім Ліпецку. Аднак, па дэкларацыі, прыбытку ад гэтых кампаній Парашэнка не атрымаў. Усё, што ён зарабіў — $12,2 тысяч у якасці заробку прэзідэнта і $55 тысяч на адсотках са зберажэнняў. Прыбытак першай ледзі за гэты перыяд склаў $29,5 тысяч.
Затое зберажэнняў у прэзідэнцкай сям'і нямала — сумесна гарант і першая ледзі задэкларавалі $29 мільёнаў і амаль 10 млн грыўняў ($367,4 тысяч). Зрэшты Парашэнка і не прэтэндуе на тое, каб падавацца бедным.