Ахоўнікі гродзенскага клуба збілі да паўсмерці скандальнага наведніка
Скандальны выпадак адбыўся ў адным з гродзенскіх начных клубаў, перадае прэс-служба абласной міліцыі. Там адпачывала кампанія, выпіваючы спіртное. Па словах ахоўнікаў, адзін з хлопцаў з гэтай кампаніі стаў паводзіць сябе нахабна, парушаў парадак, чапляўся да танцоркі.
Ахоўнікі клуба кажуць, што спрабавалі супакоіць чалавека, але ён не падпарадкаваўся іх патрабаванням, і завязалася бойка. Хлопец ударыў у твар ахоўніка. У адказ ахоўнікі так збілі скандаліста, што ён апынуўся каля клуба на зямлі без прытомнасці.
Медыкі дыягнаставалі ў яго цяжкія цялесныя пашкоджанні ў выглядзе закрытай чэрапна-мазгавой траўмы, страсення мозгу, закрытага пералому скроневай косткі, кровападцёку і ранаў галавы, тупой траўмы левага вока сярэдняй ступені ды іншыя пашкоджанні.
На ахоўнікаў клуба пачалі крымінальную справу за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання. Адзначаецца, што ніводзін з ахоўнікаў клуба раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.