Актывіста Фінькевіча судзяць за "крадзеж паліва", на суд прыехала БТ
У судзе Заводскага раёна Мінску пачаўся суд над грамадскім актывістам Артурам Фінькевічам. Як перадае Радыё "Свабода", хлопца вінавацяць у дробным крадзяжы — гэта адміністрацыйны артыкул.
Сам Фінькевіч перакананы, што супраць яго рыхтуецца інфармацыйная правакацыя, бо на суд прыехалі здымачныя групы амаль усіх дзяржаўных тэлеканалаў.
Хлопец распавёў, што заправіў машыну ў далёкага сваяка — заліў 20 літраў паліва. "Чалавека затрымалі, націснулі, каб мяне агаварыў — маўляў, гэта я прымушаў яго прадаваць. Я, натуральна, нікога не прымушаў, нават не ведаў, дзе і кім ён працуе — бачыліся ўсяго два разы ў жыцці. Мне прапанавалі — я набыў, не ведаючы паходжання таго паліва", — распавёў Фінькевіч.
Ён лічыць, што ціск на яго звязаны з пачатым зборам подпісаў за закрыццё сметніка ў Прудзішчах пад Калядзічамі.
Фінькевіч кажа, што яго сваяка палохалі крымінальнай справай. Але паабяцалі перакваліфікаваць справу ў адміністрацыйную, калі ён "падзеліць адказнасць".
Па выніках пасяджэння пратакол адпраўлены на дапрацоўку — у суддзі выклікала сумневы вінаватасць Фінькевіча. Калі працэс працягнуць, невядома.