Актывістаў, якія прыйшлі з труной на парад, асудзілі на "суткі"
У судзе Савецкага раёна Мінска прайшлі суды над актывістамі "Моладзевага блока", якія 8 траўня прайшлі з труной на рэпетыцыі вайсковага параду ў Мінску.
Як паведамляе "Прававая ініцыятыва", Ліза Пракопчык асуджаная на 5 сутак арышту, Даніла Лаўрэцкі — на 13 сутак. Абоіх іх судзілі праз Skype.
Міліцыянты таксама затрымалі Пятра Маркелава, які ляжаў на лаўцы ў судзе, чакаючы выніку судоў. На яго склалі пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі. На ноч хлопца адправілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
8 траўня актывісты "Моладзевага блока" прайшлі з труной уздоўж трасы вайсковага парада. Пры гэтым яны імітавалі "трунароў, якія танцуюць", з Ганы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.