Актывістку БХД прызналі невінаватай у супраціве міліцыянтам

Бабруйскі гарадскі суд 31 жніўня закрыў справу кіраўніцы Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Таісы Кабанчук. Яе вінавацілі ў супраціве міліцыянтам пры затрыманні 25 сакавіка, паведамляе Радыё Свабода. Згодна з рашэннем суду, у справе не было складу злачынства. Таісу Кабанчук затрымалі 25 сакавіка на бабруйскім чыгуначным вакзале, калі яна збіралася сесці ў цягнік на Мінск, каб удзельнічаць у святкаванні Дня Волі. Жанчына паведаміла, што міліцыянты пашкодзілі ёй руку і зламалі акуляры. Яны тлумачылі, што нібыта маюць інфармацыю, паводле якой Таіса перавозіць наркотыкі. У пастарунку міліцыі пасля перагляду рэчаў на Таісу Кабанчук склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыянтам. Яе хацелі судзіць у дзень затрымання, але жанчына запатрабавала адваката. Прызначаны на 31 сакавіка суд быў перанесены.

Пазней Кабанчук паведамілі, што Бабруйскі суд разгледзеў справу пра супраціў міліцыянтам і прызнаў яе вінаватай, але вырашыў не караць. То бок справа была разгледжаная без прысутнасці абвінавачанай. Таісія Кабанчук падала з гэтай нагоды скаргу ў пракуратуру. Цяпер Бабруйскі суд быў вымушаны разгледзець справу наноў, паведамляе прэсавая служба БХД.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі