Алег Хаменка сябруе з прэзідэнтам у “Аднакласніках”

Яўген Смарыгін дадаў незнаёмага хлопца ў сябры, каб памірыць яго з каханай дзяўчынай. А ў фрэндах Макса Мірнага няма ніводнага тэнісіста. Еўрарадыё знайшло беларускіх зорак у самым модным Інтэрнэт-праекце odnoklassniki.ru
Самым “свежым” аднакласнікам два тыдні таму стаў Алег Хаменка (сёння ён на сайце мае 56 сяброў).

Алег Хаменка: “Мне казалі, што насамрэч мець свой форум на “аднакласніках” вельмі модна зараз. Вось і неяк захацелася паглядзець, што гэта за мода такая. Нават у КВЗ жартуюць наконт гэтых “аднакласнікаў”, а я не ведаю, што гэта. Дык вось зайшоў якраз паглядзець, што гэта, да таго ж у мяне хапае ўласных фотак, ды чаму ж не?”

Алег Хаменка, 1983 год


А гэта ўжо 1994-ы



Папулярны беларускі кавэзэшнік Яўген Смарыгін (156 сяброў) распавёў Еўрарадыё, што неяк дадаў у сябры хлопца, каб памірыць яго з дзяўчынай:

Яўген Смарыгін:
“Мяне вельмі неяк адзін хлопец папрасіў: “Ну калі ласка! Стань маім сябрам! Дзеля маёй дзяўчыны. Калі яна ўбачыць цябе ў маіх сябрах, мне будзе прасцей з ёй памірыцца”. А я адказаў: “З вялікім задавальненнем, сябар!”

Яўген Смарыгін: "Чым не Міхалкоў?!"


Знакаміты скрыпач Карэн Карапецян (163 сябры), які не так даўно ўваходзіў у склад гурта “pro-jekt”, не заўсёды жыў у Беларусі. Школу ён закончыў у Грузіі і стасункі з аднакласнікамі згубіў ажно на 15 год. Але ж зараз знайшоў паўкласа!

Карэн Карапецян: “Яшчэ як знайшоў! Так знайшоў, што не чакаў нават! Недзе чалавек 10-12. Гэты сайт для мяне пачаўся менавіта з аднакласнікаў, потым ужо пайшлі ўсе сябры. Для мяне вельмі дзівосна, што гэта сапраўды працуе. Вельмі крута, што я акрамя сваіх аднакласнікаў нават змог знайсці аднакласнікаў свайго таты і маці”.

Карэн Карапецян: "Хоць маленькі, але ўдаленькі!!!"

Карэн Карапецян: "Круты і яшчэ круцейшы :) дзе хто?"


Чэмпіён па фрэндах Ілля Міцько – больш за 200!!! Сярод іх без пытанняў можна сустрэць усіх зорак беларускага шоў-бізу, якія зарэгістраваны на сайце. Аднак спявак гаворыць, што гэткая цікавасць да сайту будзе нядоўгай:

Ілля Міцько: “Зараз гэта крыху актуальна. Аднак я думаю праз тыдні 2-3, калі вы захочаце зрабіць такі рэпартаж, гэта ўжо будзе не для ўсіх актуальна”

Юны Ілля Міцько


Шмат фрэндаў і ў Аляксея Хлястова (148 сяброў). Большая частка ягоных фрэндаў – маладыя прыгожыя дзяўчаты. Спявак прызнаўся, што кожны дзень яго спрабуюць дадаць у сябры каля 20 чалавек, але ўзаемнасцю ён адказвае не ўсім, хаця і імкнецца адказаць амаль кожнаму. Дзякуючы “Аднакласнікам” 2 лютага Аляксей упершыню сустрэнецца са сваім класам пасля заканчэння школы.

Аляксей Хлястоў: “З маімі аднакласнікамі я буду сустракацца ў гэтым годзе ўпершыню з таго часу, калі я пакінуў сцены нашай роднай школы. Знайшлася Лена з нашага класа, яна выступіла арганізатаркай, шмат каго адшукала і стэлефанавалася з усімі”.

Аляксей Хлястоў


Знайшлі мы на “Аднакласніках” і Макса Мірнага (20 сяброў) з жонкай Ксюшай (84 сябры). Дарэчы, на старонках Ксеніі знаходзяцца ажно 100 фотаздымкаў сям’і Мірных, яна ў гэтым пакуль сапраўдная рэкардсменка. У Макса сяброў на сайце не шмат – усяго 20. Дарэчы, сярод іх няма не тое што Валчкова, а наогул ніводнага тэнісіста. Але ж будзем справядлівымі, Валчкова ўвогуле не аказалася на “Аднакласніках”.

Ксенія Мірная: "Мне недзе каля года"


Ксенія Мірная: "У падарунках з Шанхая"


Затое ў сябрах Макса мы сустрэлі Алесю (149 сяброў), якая, дарэчы, ёсць у фрэндах і ў Алега Хаменкі. На яе старонцы мы знайшлі фотаздымкі спявачкі з Мікалаем Баскавым пад пяшчотнай назвай “Я і Коля”, Барысам Маісеевым, дызайнерам Вячаславам Зайцавым. Сама ж Алеся ўжо ў поўнай меры змагла атрымаць асалоду ад моднага рэсурсу. Дзякуючы “Аднакласнікам” яна змагла адпачыць у Егіпце па вельмі смешных коштах:

Алеся: “Калі я толькі літаральна зарэгістравалася, адзін малады чалавек з турыстычнага агенцтва напісаў мне добрыя словы, і кажа: “Калі вы хочаце на мора, то звяртайцеся”. Я кажу: “Хачу на мора!” Ён кажа: “Калі пажадаеце?” Я: “Літаральна зараз!” У 4 гадзіны ён мне напісаў, а ў 8 мы ўжо ехалі ў Маскву, а ў 7 раніцы паляцелі адтуль у Егіпет. Дзякуючы гэтаму сайту я вельмі добра адпачыла са сваімі сябрамі”.

Алеся: "Модны суддзя"


Алеся: "У гасцях у спецназу"


Трапіць у фрэнды да Ларысы Грыбалёвай (67 сяброў) незнаёмым амаль немагчыма, аднак адказаць на запыты яна спрабуе ўсім:

Ларыса Грыбалёва:
“Я ім адразу тлумачу, што не магу дадаць у сябры, бо мне б паспець адказваць сваім сапраўдным сябрам. А так, канешне, вельмі прыемна, пішуць вельмі добрыя лісты. Я нібыта свой сайт адкрыла”.

Ларыса Грыбалёва: "Я і ананас"


Ларыса
штодзень спрабуе дагрукацца да сваіх аднакласнікаў:

Ларыса Грыбалёва: “Шмат хто з маіх аднакласнікаў зарэгістраваўся калісьці і зусім не заходзяць на гэты сайт. Я ўжо пішу-пішу гэтыя лісты кожны дзень, каб яны заходзілі на сайт, аднак пакуль шмат хто не заходзіць”.

Ларыса Грыбалёва: "4 красавіка 2006 года я была ў Амерыцы ў Дыснэйлэндзе ў штаце Фларыда"


Спявачка з “Мерри Попинс” Марына Берулава таксама спрабуе адшукаць “сваіх”. Дарэчы, хвароба на “Аднакласнікаў” не распаўсюджвалася больш ні на каго з яе зорнага сямейства. Ні на яе сястру Алесю, ні на мужа Алесі Сяргея Міхалка.

Марына Берулава: "Гэта я пасля развітання з букваром"


Марына Берулава: "Я ў першым шэрагу, трэцяя справа"


Свет беларускай моды на сайце прадстаўляе дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці Вольга Сярожнікава. І вельмі паспяхова. Па колькасці прафесійных і прыгожых здымкаў яна можа паспаборнічаць хіба што са старонкай знакамітай беларускай мадэлі Кацярыны Даманьковай, а сярод яе сяброў нечакана аказаўся лідэр расійскай партыі СПС (Союз правых сил) Мікіта Белых.

Вольга Сярожнікава: "Я ў першым класе"


Вольга Сярожнікава


Знайшліся на сайце і палітыкі. Пяць (!) Лукашэнкаў Аляксандраў Рыгоравічаў. У аднаго нават амаль 400 фрэндаў. Сярод іх… Алег Хаменка.

Аднак ёсць на “Аднакласніках” і “не падстаўныя” грамадскія дзеячы, якія самі рэгістравалі свае анкеты. Намеснік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч сёння мае амаль 30 фрэндаў. Аднак больш ніводнага палітыка ў ягоных сябрах знайсці не атрымалася. І за фота ў рэйтынгу прагаласавалі ўсяго толькі 2 чалавекі…

Алесь Міхалевіч





Подпісы да фотаздымкаў рабілі самі зоркі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі