Алексіевіч — пра "справу БЕЛТА": Мяркую, нас чакаюць эканамічныя ўзрушэнні

Алексіевіч — пра "справу БЕЛТА": Мяркую, нас чакаюць эканамічныя ўзрушэнні

Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч у інтэрв'ю Радыё "Свабода" пракаментавала ператрусы ў офісах tut.by і БелаПАН а таксама затрыманні журналістаў, якія адбыліся сёння. Нагадаем, што паводле афіцыйнай версіі гэта ўсё адбываецца ў рамках крымінальнай справы па несанкцыянаваным доступе да інфармацыі агенцтва БЕЛТА.

"Першае, што прыходзіць у галаву — гэта спроба запалохаць нас усіх. Ідзе праверка — ці існуем мы як грамадства, якое здольнае зрабіць грамадзянскі супраціў, ці не існуем. Відавочна, што ўлада бачыць перад сабой вялікія праблемы, якія закрануць шмат людзей і невядомая іх рэакцыя. Любая таталітарная ўлада баіцца супраціву. Паколькі яна ведае, што яна незаконная, то яна заўсёды шукае ворагаў, гэта яе спосаб існавання", — адзначыла пісьменніца.

Яна дадала, што ў беларускім грамадстве толькі СМІ і мастацтва, літаратура засталіся пляцоўкамі, яшчэ не ўзятымі пад дзяржаўны кантроль. Цяперашнія дзеянні ўладаў, на думку Алексіевіч, сведчаць пра жаданне "зачысціць" гэтыя пляцоўкі. 

Яна заклікала выказаць салідарнасць і супраціў, каб журналістаў не нейтралізавалі па адным. "Зараз справа кожнага з нас, менавіта зараз адказаць, сабрацца разам і сказаць, што мы ёсць", — мяркуе набеліянтка.

Алексіевіч не верыць у афіцыйную версію. Калі б пэўныя парушэнні і былі, кажа яна, то не трэба было б затрымліваць журналістаў на тры дні, як вырашыў Следчы камітэт. 

Прычыны такіх дзеянняў, на думку пісьменніцы, — у эканамічнай і палітычнай сферах: "Я мяркую, што нас чакаюць эканамічныя ўзрушэнні. Гэта адчуваецца, пэўныя штуршкі. І да таго ж, ускладненне стасункаў з Расіяй, якая ўсё часцей кажа: мы не будзем вас карміць, а калі і будзем, то вы павінныя жыць на нашых умовах. Гэта час ад часу і прарываецца ў Лукашэнкі, калі ён кажа, што мы можам увайсці ў склад іншай дзяржавы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі