Нобелеўскія лаўрэаты заклікалі Трампа дапамагчы вызваліць палітвязняў у Беларусі

У Беларусі больш за 1200 палітвязняў

У Беларусі больш за 1200 палітвязняў / shutterstock / Fanni_2021

Група лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі звярнулася да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і іншых сусветных лідэраў з заклікам "неадкладна дамагчыся вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі". Яны нагадалі пра масавыя рэпрэсіі, якія працягваюцца ў нашай краіне з 2020 года. Па іх даных, у РБ налічваецца больш за 1400 палітвязняў (праваабаронцы прызналі крыху больш за 1200), у тым ліку лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронца Алесь Бяляцкі. Адзначаецца, што сярод палітычных зняволеных ёсць цяжка хворыя і пажылыя людзі. Некалькі палітвязняў ужо загінулі за кратамі.

Аўтары звароту заклікаюць падтрымаць кампанію па вызваленні палітвязняў у Беларусі. "Лёсы тысяч людзей залежаць ад рашучых і скаардынаваных дзеянняў міжнароднай супольнасці", — падкрэсліваюць яны.

Ліст падпісалі 30 чалавек. Сярод іх — лаўрэаты Нобелеўскай прэміі ў літаратуры Святлана Алексіевіч і Герта Мюлер, Нобелеўскай прэміі міру Аляксандра Мацьвійчук і Дзмітрый Муратаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.