Беларуска вылучаная на пасаду генсакратара АБСЕ
Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Алену Купчыну вылучылі на пасаду генсакратара гэтай арганізацыі. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
Паўнамоцтвы цяперашняга генсакратара італьянца Ламберта Дзаньера завяршаюцца 30 чэрвеня 2017 года. Таму Беларусь вылучыла сваю кандыдатуру.
"Гэта рашэнне прадыктаванае шчырым імкненнем Беларусі зрабіць унёсак ва ўмацаванне АБСЕ ў інтарэсах усіх дзяржаў-удзельніцаў. У сітуацыі вострых рэгіянальных канфліктаў, росту супярэчнасцяў паміж сусветнымі гульцамі, роля Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе зноў вельмі важная", — патлумачыў Мірончык.
Алена Купчына доўгі час працавала намесніцай міністра замежных спраў Беларусі. Як падкрэсліў Мірончык, яна прымала самы непасрэдны ўдзел у рэалізацыі знешняй палітыкі нашай краіны, накіраванай на ўмацаванне бяспекі і стабільнасці ў Еўропе.
Прэс-сакратар МЗС паведаміў, што 14 сакавіка ў Вене прайшлі першыя слуханні прэтэндэнтаў на пасаду генсакратара АБСЕ. Кандыдаты прадставілі пастаянным прадстаўнікам дзяржаў-удзельніцаў АБСЕ свае прыярытэты.