Амерыканцы едуць у Беларусь дзеля экстрэмальнага турызму
Фірма, якая арганізуе туры на Мадагаскар, у Арктыку і Цэнтральную Афрыку, павезла кліентаў па новым маршруце — Бялград, Мінск, Ашхабад.
Пуцёўка з наведваннем трох сталіц абышлася амерыканскім турыстам у 65 тысяч долараў кожнаму. За такія грошы славуты беларускі сервіс многім падаўся пераацэненым.
Гіды, якія суправаджаюць групу, адзначылі: наша турыстычная інфраструктура далёкая не толькі ад ідэалу, але і ад здаровага сэнсу. Найбольш паказальныя — дзіркі-прыбіральні, якія наводзяць жах на турыстаў. У адным з двух беларускіх замкаў турыстку сталага веку, якая мела праблемы з каленямі, адмовіліся пускаць у прыбіральню ўнутры замка. У тым самым замку ліфт працаваў толькі ўніз, таму некаторыя турысты дабраліся пешшу не далей за другі паверх.
Іншыя турыстычныя хібы: няма ўказальнікаў на англійскай мове, персанал гатэляў і кавярняў не ведае замежных моваў, на ўсіх не хапае чыстых імбрыкаў і вяршкоў да кавы.
Пры гэтым амерыканцам спадабаўся Мінск: добрая архітэктура, чыстыя вуліцы, прыгожы горад, піша “Салідарнасць”.