Анархісты ў Мінску зладзілі акцыю супраць міліцэйскай прапаганды

Анархісты  ў Мінску зладзілі акцыю супраць міліцэйскай прапаганды

У ноч з 13 на 14 траўня анархісты ў Мінску сапсавалі тры рэкламныя шчыты з міліцэйскай прапагандай, паведамляе сайт revbel.org. Бігборды з рэкламай мілііцыі былі запэцканыя фарбай.

Гэтай акцыяй, заяўляюць анархісты, яны хацелі выказаць сваю салідарнасць з усімі пацярпелымі ад дзеянняў праваахоўных органаў падчас "Крытычнай масы", якая прайшла 29 красавіка.

"На двух білбордах было намалявана як супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі трымае ў руках зборнік правілаў дарожнага руху. Верагодна, гэта павінна сімвалізаваць, што ДАІ з'яўляецца гарантам захавання правілаў на дарозе. Але гэта далёка не так. Дастаткова ўспомніць выпадак у Оршы, дзе п'яны супрацоўнік ДАІ (!) збіў дзяўчынку на дарозе. Відавочна, што дадзеная структура, як і ўся міліцыя, служыць цалкам іншым мэтам — не нашаму спакою і парадку на дарогах, а кантролю і нагляду за намі", — гаворыцца ў заяве анархістаў.

Нагадаем, што акцыю "Крытычная маса" ладзяць раварысты, каб даказаць, што ровар з'яўляецца сродкам перамяшчэння па праезнай частцы. Падчас акцыі 29 красавіка міліцыянты жорстка затрымалі групу раварыстаў. Адзін з іх, Дзмітрый Паліенка, зараз затрыманы, на яго пачалі крымінальную справу.

Па словах анархістаў, іх акцыя стала выказваннем салідарнасці з затрыманым Паліенкам, які таксама з'яўляецца анархістам і цяпер знаходзіцца ў Жодзінскай турме.

Напісаць затрыманаму можна на адрас: 222160, Мінская вобл., г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22а, СІЗА-8, Паліенку Дзмітрыю Аляксандравічу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі