Arena City, дзе абрынулася столь, адчыняць 25 снежня
Будынак гандлёвага цэнтра Arena City у Мінску, дзе абрынулася столь, адчыняць 25 снежня. Пра гэта агенцтву “Мінск-Навіны” паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Віктар Лапцеў.
Паводле чыноўніка, рамонтныя працы вядуцца на аб’екце круглыя суткі. У дзённую змену там працуе па 65 чалавек, у начную — па 40. На сёння цалкам аднавілі, затынкавалі і пафарбавалі каля 1 тысячы квадратных метраў столі з 6 тысяч, якія трэба аднавіць пасля здарэння.
У Arena City па-ранейшаму працуюць харчовая крама, фітнэс-цэнтр і паркінг. 25 снежня плануюць аднавіць працу астатніх аб’ектаў.
12 лістапада ў гандлёвым цэнтры абрынулася падвясная столь. Абвал адбыўся на плошчы 150 квадратных метраў. Пацярпела 24-гадовая прадавачка кветкавай крамы, на якую ўпалі абломкі столі.