Арганізатар канцэрта Behemoth: Вы хоць раз у нас бачылі сатаніста?
Прапанова кіраўніка беларускай праваслаўнай царквы не дапусціць канцэрта польскіх металістаў у Мінску здзівіла арганізатараў.
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі патрыяршы экзарх Беларусі Павел лічыць недапушчальным правядзенне канцэрта польскага метал-гурта Behemoth у беларускай сталіцы.
"На 27 траўня плануецца рок-канцэрт, па-мойму, "Бегемот". Нельга дапускаць выступ гурта сатанінскай накіраванасці. Трэба рабіць усё, каб сатанізм не прайшоў", — заявіў кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы падчас сустрэчы з журналістамі.
Арганізатары канцэрта пакуль нічога пра выказванне мітрапаліта не чулі і вельмі здзіўленыя. Бо ўжо прадаюцца квіткі, а гэта значыць, што гастрольнае пасведчанне на выступ знакамітых металістаў атрыманае, усе неабходныя праверкі і экспертызы пройдзеныя.
“Музыкі гурта не сатаністы, яны, як кажуць, добрыя людзі, адэкватныя, якія разумеюць і адказваюць за ўсё тое, што робяць, — абураецца прадстаўнік The Flaming Arts Павел. — Вы хоць раз у нашай краіне бачылі сатаніста? Пакажыце нам хоць аднаго сатаніста, каб мы ведалі з кім змагацца! Калі ўжо на тое пайшло, то вы хоць адно слова з іх песень разабраць можаце? Кожны зарабляе грошы, яны выбралі такі сродак зарабляння грошай”.
Павел дадае, што людзей, якім падабаецца творчасць польскіх металістаў, вельмі шмат. Гэта звычайныя працоўныя людзі, якім трэба адпачываць. А калі не будзе канцэртаў, то адпачываць людзі пойдуць на вуліцы, а гэта, напэўна, больш небяспечна, чым у клубе.
Нагадаем, Behemoth ужо выступалі ў Мінску 1 кастрычніка 2012 года. Ніякіх праблем з канцэртам ні да яго ні пасля ў арганізатараў не ўзнікала.
Польскія металісты выступяць у клубе Re:Public 27 траўня. Музыкі прэзентуюць свой новы альбом "The Satanist", рэліз якога адбыўся ў лютым 2014 года. Behemoth наведае Мінск у межах "Russian Tour-2014", які таксама анансуецца, як "Russian Satanist".