Гурт Behemoth затрыманы і асуджаны ў Расіі

Польскі блэк-метал-гурт Behemoth быў затрыманы міграцыйнай службай у расійскім Екацерынбургу перад уласным канцэртам нібыта за парушэнне візавага рэжыму. Пасля ночы, праведзенай музыкамі ў ізалятары, мясцовы суд прыняў рашэнне аб іх дэпартацыі. Таксама гурт аштрафаваны на 2 тысячы расійскіх рублёў. Як паведамляе інтэрнэт-газета Znak.com, музыкі могуць пакінуць Расію не пад канвоем, а самастойна, а факт перасячэння імі мяжы будзе "асабліва адзначаны" памежнікамі.

Расійскі суд патлумачыў, што парушэнне візавага рэжыму музыкамі выяўляецца ў тым, што яны атрымалі "дзелавыя" візы, якія не дазваляюць займацца культурнай дзейнасцю. Аднак фронтмэн Behemoth Адам Нергал Дарскі пасля суда паведаміў прэсе, што такі тып візы ім прапанавалі ў расійскім консульстве:

"Мы атрымлівалі візу ў расійскім консульстве ў Варшаве. Калі мы спыталі, якім чынам афармляць дакументы, нам сказалі, што неабходна зрабіць дзелавую візу. Мы выканалі ўсё так, як нам было загадана. Цяпер высветлілася, што трэба было рабіць нейкую "гуманітарную" візу, а не "дзелавую"".

Тур Behemoth па Расіі апынуўся не вельмі ўдалым. Канцэрты гурта ў Томску, Хабараўску, Уладзівастоку і Новасібірску сарваліся альбо з-за пазіцыі мясцовых уладаў, альбо з-за процідзеяння маладых людзей у спартовай вопратцы, якія называюць сябе "праваслаўнымі актывістамі". 

Тым часам арганізатары мінскага выступа Behemoth, які запланаваны на 27 траўня ў мінскім Re:Public супакойваюць аўдыторыю, заклікаюць не хвалявацца і спакойна сачыць за навінамі:

"Мы з'яўляемся арганізатарамі мерапрыемства ў Мінску, і артысты атрымалі ўсе неабходныя дакументы. Таму мы з нецярпеннем чакаем прызначаную дату канцэрта, каб разам з вамі добра адпачыць і пабавіць час".

Фота: znak.com і з сацсетак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі