Канцэрт гурта Behemoth у Мінску, хутчэй за ўсё, не адбудзецца

Як стала вядома Еўрарадыё, выступ польскага блэк-метал-гурта Behemoth у Мінску, верагодней за ўсё, не адбудзецца. Гастрольнае пасведчанне на яго правядзенне было адкліканае Упраўленнем ідэалогіі Мінгарвыканкама.

Нагадаем, што гурт сутыкнуўся з праблемамі падчас тура па Расіі. Канцэрты гурта ў Томску, Хабараўску, Уладзівастоку і Новасібірску сарваліся альбо з-за пазіцыі мясцовых уладаў, альбо з-за процідзеяння маладых людзей у спартовай вопратцы, якія называюць сябе "праваслаўнымі актывістамі". Пазней музыкі былі затрыманыя міграцыйнай службай у расійскім Екацерынбургу нібыта за парушэнне візавага рэжыму. Мясцовы суд прыняў рашэнне аб іх дэпартацыі. Таксама гурт аштрафаваны на 2 тысячы расійскіх рублёў.

Патрыяршы экзарх Беларусі Павел таксама заклікаў забараніць выступ Behemoth. Пра гэта ён выказаўся журналістам 13 траўня:

"На 27 траўня плануецца рок-канцэрт, па-мойму, "Бегемот". Нельга дапускаць выступ гурта сатанінскай накіраванасці. Трэба рабіць усё, каб сатанізм не прайшоў", — заявіў служыцель культу.

Тым часам арганізатары мінскага выступу Behemoth, які запланаваны на 27 траўня ў мінскім Re:Public, да апошняга заклікалі не хвалявацца і чакаць імпрэзы, бо ўсе неабходныя дакументы ў іх былі аформленыя належным чынам.

Еўрарадыё будзе сачыць за развіццём сітуацыі.

Фота: mondkringel-photography.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі