Азаранка абыграла Уільямс і ўпершыню выйграла турнір у Цынцынаці (відэа)

24-гадовая Вікторыя Азаранка (другая ракетка свету) выйграла ў 31-гадовай Серэны Уільямс — 2:6, 6:2, 7:6 (8:6). Гэта трэцяя перамога беларускі над амерыканкай і, відаць, самая цяжкая. Напрыканцы трэцяга сэта ў Вікі засталося больш сілаў і яна даціснула Серэну.


Адзначым, што на шляху да фінала Азаранка абыграла амерыканку Ваню Кінг — 6:1, 7:6, славачку Магдалену Рыбарыкаву — 6:3, 6:4, датчанку Каралін Вазняцкі — 6:3, 7:6 і сербку Алену Янкавіч — 4:6, 6:2, 6:3.


Нагадаем, што прызавы фонд турніра ў амерыканскім Цынцынаці складае 2 мільёны 300 тысяч долараў. Вікторыя Азаранка ўпершыню выйграла гэты турнір. Яна атрымае 426 тысяч долараў прызавых.

Пасля паражэння Серэна Уільямс прызналася, што лічыць Вікторыю выдатнай саперніцай, з якой вельмі цяжка гуляць нават ёй.

"Яна згуляла выдатна. У апошніх двух сэтах яна была вельмі агрэсіўнай, што змяніла ход матчу. Вікторыя — вялікі гулец, нездарма яна перамагае на турнірах "Вялікага Шлема". У нас заўсёды атрымліваюцца цяжкія матчы, думаю, яна вельмі добры сапернік. Я нумар адзін, яна нумар два. Наша саперніцтва прадугледжвае гульні ў фінале, што робіць яго яшчэ больш займальным. Добра, калі ёсць нехта, хто можа так моцна гуляць", — распавяла Серэна у інтэрв'ю сайту WTA (Жаночая тэнісная асацыяцыя).

Таксама Уільямс адзначыла, што ў яе вельмі добрыя адносіны з Вікторыяй Азаранка, за якую яна заўзее на турнірах.

"Я вялікая прыхільніца Вікторыі. Незалежна ад таго, удзельнічаю я ў турніры ці не, я за яе заўзею. Мы з ёй сапраўды сышліся. Яна вельмі добры чалавек, і пасля сённяшняга матчу мы зноў вярнуліся да нашых звычайных адносінаў, якія проста класныя. Тыпу "Як справы? Як пажываеш? "Яна проста крутая".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі