Бацька Дашкевіча: “Не спадзяюся на апраўдальны прысуд сыну”

Але ў размове з Еўрарадыё бацька Змітра Вячаслаў Дашкевіч паведаміў, што не спадзяецца на апраўдальны прысуд сыну.

Вячаслаў Дашкевіч: “Не спадзяюся. Можа быць троху зменшыць, але наколькі мне вядома, гэты артыкул прадугледжвае ад 3 гадоў пакарання і да 10. Усё заказана! Самая грубая памылка, на якую не звярнулі ні пракурор, ні адвакаты ўвагі — тое, што міліцыянты адразу вызначылі, хто вінаваты, а хто правы. Гэта можа вырашыць толькі суд! Трэба было ўсіх затрымаць, пасадзіць, дапытаць, судзіць і ўстанавіць: хто правы, а хто – вінаваты. Гэта самая вялікая памылка. Адсюль і ўсе астатнія”.

У той жа час бацька кажа, што Зміцер трымаецца добра і сваё апошняе слова казаў шчыра і казаў праўду. Хоць, лічыць Вячаслаў Дашкевіч, сваімі словамі хлопец “дражніў гусі”.

У тое, што прысуд будзе цалкам апраўдальны, не верыць і юрыст Цэнтра прававой трансфармацыі Аляксей Казлюк.

Аляксей Казлюк: “Ёсць прыкмета апошніх палітычных працэсаў, што калі проста немагчыма знайсці ніякіх фактаў для абвінаваўчага прысуду, то прысуд усё адно выносіцца, але без пазбаўлення волі”.

Але ж як юрыст ён не бачыць падставаў для вынясення абвінаваўчага прысуду.

Аляксей Казлюк: “Я спадзяюся на апраўдальны прысуд,бо ўсё, што я там убачыў і што пачуў, сведчыць аб невінаватасці падсудных. Доказы віны павінны быць прызнаны судом непрымальнымі. Адпаведна, падставаў для вынясення абвінаваўчага прысуду няма”.


Прысутнічаў у зале суда сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Аляксей Шэін. Па словах палітыка, судовы працэс на Дашкевічам і Лобавым стаў сведчаннем таго, што аперацыя па брутальным разгоне Плошчы рыхтавалася загадзя, а не стала вынікам эмоцый Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксей Шэін: “Гэта справа гаворыць пра тое, што рашэнне аб сілавым развіцці падзеяў, аб рэпрэсіях было прынятае да дня выбараў. Бо, па сутнасці, 18 чысла мы ўжо бачым, што хлопцаў затрымалі, ім было прад’яўлена абвінавачванне па крымінальным артыкуле. І можна сказаць, што ўжо 18 чысла, за дзень да выбараў, з’явіліся два палітзняволеных. Чаго не было два гады перад выбарамі. Сітуацыя рэзка памянялася, як мы бачым, за дзень да выбараў. І гэта гаворыць пра тое, што ўлады прынялі рашэнне пра сілавы варыянт у адносінах да апызіцыянераў падчас і пасля выбараў”.

Нагадаю, што абвінаваўца лічыць віну Дашкевіча і Лобава цалкам даказанай і патрабуе першаму 3 гады пакарання, а другому — 5. У сваю чаргу, адвакаты моладзевых актывістаў лічаць, што віна хлопцаў не даказаная і просяць іх апраўдаць. Суддзя абвесціць сваё рашэнне 24 сакавіка аб 11-й гадзіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі