Басовішча-2014: “З візамі для беларусаў усё цяжка”

Юбілейны, 25-ы фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча” пройдзе 18-19 ліпеня на традыцыйным месцы каля польскага мястэчка Гарадок. Праўда, за два месяцы да фэсту так і няма ніякай дакладнай інфармацыі пра яго ўдзельнікаў.

“Цяпер можна казаць, што ў нас выступіць дзіцячы праект “25 АВ-ВА Orkiestra”. Гэта 25 дзяцей, удзельнікаў самадзейнага ансамбля Цэнтра культуры Гарадка, якія выканаюць самыя знакавыя беларускія песні, што гучалі за 25 гадоў існавання фэсту, — кажа адна з арганізатараў “Басовішча-2014” Ганна Пякарская. — А таксама, думаю, што на днях мы зможам афіцыйна абвясціць удзел у фестывалі ўкраінскага гурта “ДахаБраха”. Яны стануць аднымі з асноўных зорак сёлетняга “Басовішча”.

Сёлета арганізатары вырашылі адмовіцца ад традыцыйнага конкурсу маладых беларускіх гуртоў, каб прадставіць асноўныя калектывы, што гралі на “Басовішчы” у розныя гады. Напрыклад, папярэднія размовы вяліся з гуртамі “Крама”, Neuro Dubel, IQ48, Лявонам Вольскім і г.д. Але канчатковай дамоўленасці па іх удзеле пакуль няма, ды і залежыць гэта нават не ад жадання саміх музыкаў.

“Вельмі цяжкая ў гэтым годзе сітуацыя ў консульстве. Са студзеня тэлефануем, спрабуем дамагчыся хоць нейкай падтрымкі, але не ведаю, ці атрымаецца, — працягвае Ганна. — Думаю, што могуць быць праблемы з візамі нават для гуртоў, а з публікай увогуле ўсё цяжка. Але, натуральна, мы робім усё, што магчыма, каб атрымаць хоць невялікую візавую падтрымку”.

Больш падрабязную інфармацыю арганізатары абяцаюць змяшчаць на афіцыйным сайце “Басовішча і на старонках фестывалю у сацыяльных сетках. Праўда, пакуль там толькі паведамленні з мінулага года, і калі яны пачнуць аднаўляцца, сказаць складана.

Фестываль музыкі маладой Беларусі "БАСовішча" праводзіцца штогод (з 1990 г.) на лясной палянцы Борык у мястэчку Гарадок непадалёк ад беларускай мяжы. Гэта найбуйнейшы і найстарэйшы фестываль беларускай рок-музыкі. Яго назва паходзіць ад скарачэння БАС (Беларускае аб'яднанне студэнтаў Польшчы) — нязменных арганізатараў фэсту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі