“Басовішча” — гэта як Новы год: можа быць розным, але ты яго адзначаеш

25-ты па ліку фестываль маладой беларускай музыкі "Басовішча" прайшоў бы абсалютна звычайным чынам, калі б Юрка Асеннік не прыдумаў супольны праект дзетак з Беластоку з беларускімі рокерамі.

“У апошні час я вельмі крытычна ставіўся да “Басоў”, — кажа Юрка. — Мне хацелася нечага большага, таго, што б усіх задавальняла. Мне марыўся еўрапейскага масштабу фестываль і т.д. Адсюль і мае крытычныя заўвагі наконт арганізацыі. Але сёння — юбілей, сёння не трэба ўспамінаць тое, што не атрымалася. Сёння трэба святкаваць. І праект з AB-BA Orkiestra быў прыдуманы дзеля таго, каб адзначыць”.

Тым не менш лайн-ап першага дня фэсту пакідае супярэчлівыя ўражанні. На сцэне — букет яскравых заўсёднікаў мінскіх клубаў і беларускіх фэстаў: IQ48, :B:N:, Litvintroll, Re1ikt, Znich, бойкія панкі “Тлушч”. Аднак расстаноўка праграмы ў духу “пачалі за здароўе, кончылі за спачын” успрымаецца цяжкавата.

З кожным разам нас ставяць усё раней і раней, — смяецца лідар :B:N: Алесь Лютыч. :B:N: сёлета прыехаў на “Басы” у 10-ты раз, але фактычна адкрывае фэст пасля маладога “Тлушчу”. — Здаецца, праз некалькі гадоў нас зусім не запросяць. Але арганізатары сказалі, што гэты стратэгічны ход яны зрабілі для таго, каб сцягнуць людзей да сцэны”.

На :B:N: людзі сапраўды сцягваюцца, але пасля зноў разыходзяцца “на піва” ды “бяседу”. І вяртаюцца пад сцэну толькі на сэт беластоцкіх 5set5 з Ілонай Карпюк на вакале, якія не выступалі 6 доўгіх гадоў. Дарэчы, гэта адчуваецца па свежай энергетыцы каманды, якая робіць выступ 5set5, бадай, самым запамінальным у першы дзень.

“Вельмі важна, што атрымалася датрываць да 25-годдзя, — разважае Ілона Карпюк, колішняя арганізатарка “Басоў”. — Мяне цешыць, што ёсць новае пакаленне, дзеці першых арганізатараў "Басовішча", якія верныя ідэі фэсту. Бо ў сённяшнія часы перад імі стаіць вельмі складаная задача. Трымаць ідэю фэсту, які мусіў аб'ядноўваць беларускую меншасць у Польшчы сёння, калі ёсць некаторыя праблемы ў меншасці і калі ўсё ж змянілася сітуацыя ў Беларусі, няпроста. Калі "Басовішча" пачыналася, ніхто ў Беларусі не думаў пра фестывалі, а зараз іх таксама шмат”.

Тое, што ў Беларусі з’явіліся абсалютна канкурэнтназдольныя фэсты, адзначае і галоўны рэдактар Еўрарадыё Віталь Зыблюк, які святкуе сёлета свой 15-ты прыезд на “Басы”:

"У свой час патрапіць на "Басовішча" і асабліва выйграць у конкурсе было вельмі важна. Гэта быў такі брэнд: калі ты перамог у конкурсе ці ўдзельнічаў у фэсце, азначала, што ў Беларусі ты топ-гурт. “Басовішча” адкрывала імёны, чаго не робіць зараз. На сёння мы ў Беларусі, у Мінску, у самых замшэлых клубах бачым зорак большай велічыні, чым сёння граюць на "Басовішчы". То бок Беларусь развілася нашмат больш, а "Басовішча" засталося на сваім ранейшым узроўні. Калі я сёння магу схадзіць у Re:Public на Sepultura ці P.O.D., а на "Басовішчы" я бачу тое самае, што бачыў 15 гадоў таму, гэта азначае, што фестываль проста знаходзіцца ў застоі і не развіваецца”.

На думку Зыблюка, фестываль выратуе еўрапейскі хэдлайнер. Яшчэ адзін з варыянтаў выйсця для “Басовішча” — шукаць беларускіх музыкаў сярод вядомых у свеце выканаўцаў.

“Добры прыклад Rage і Віктар Смольскі — першы гітарыст "Мроі" і N.R.M. Ён бы цудоўна ўпісаўся ў праграму "Басовішча" са сваім гуртом. І гэта было б і беларускае, і не беларускае, і сусветнавядомае”, — дадае Зыблюк.

Другая праблема апошніх фэстаў, і тым больш сёлетняга, юбілейнага, — адсутнасць візавай падтрымкі для гледачоў і, адпаведна, нешматлікасць беларусаў і людзей увогуле.

“Самае галоўнае на фэсце - гледачы, канечне, — перакананы вядоўца фэсту рэпер Вінсэнт. — Мне здаецца, "Басовішча" з кожным разам дадае ў арганізацыі ў плане камфорту артыстаў і гледачоў, але трэба абавязкова рабіць бясплатныя візы, каб тысячы людзей прыязджалі на фестываль. Тым не менш гэта фактычна адзіны беларускі фэст, які не перарываецца. Кожны год у іх ёсць нейкія праблемы, але ён не перарываецца 25 гадоў! Гэта выдатны паказчык, гэта брэнд. І як бы мы ні хацелі, у Беларусі такога фестывалю з такой гісторыяй і традыцыяй няма”.

Падобнага меркавання прытрымліваецца і лідар “Крамы” Ігар Варашкевіч:

"Гэта як быў адзіны беларускамоўны рок-фестываль, так ім і застаўся. Больш няма. Прычым калі раней былі больш дробныя фэсты кшталту "Року па вакацыях", то зараз нічога няма. А тыя вялікія оўпэн-эйры, што ёсць, запрашаюць расійскіх зорак. Усякае тут было, як і ў розных гісторыях бываюць плюсы і мінусы. Але ўсё ж такі гэта добрая справа. І нам дастаткова сумна было не ездзіць сюды 4 гады".

“Крама” прэзентуе на “Басовішчы” свой новы альбом “Белая вада”. Ігар смяецца, што публіка заўжды патрабуе новыя дыскі, але на фэстах хоча чуць выключна хіты. Аднак прэзентацыя 6-ці новых трэкаў “Крамы” праходзіць на “ўра”. Другі дзень “Басоў” становіцца свайго роду прэм’ерай свежых твораў: новую плытку дэманструюць “Авіясы”, новую песню “Мядзведзь” – “Троіца”, песні з будучага дыску — ТТ-34. Збіраюць найбольш публікі дзеткі з AB-BA, R.U.T.A. і “Гайдамаки”. Музыкі традыцыйна сустракаюцца за сцэнай і абмяркоўваюць гітары, прымочкі ды будучыя праекты. Нягледзячы ні на што, атмасфера “Басовішча” застаецца непаўторнай.

"Для тых людзей, якія сюды рэгулярна прыязджаюць, у тым ліку і для мяне, "Басовішча" — гэта як Новы год, — рэзюмуе наш галоўны рэдактар. — То бок Новы год можа быць кепскім, можа быць добрым, але ўсё адно нейкім чынам яго адзначаеш. Тое самае і "Басовішча": якое б яно ні было, прыязджаеш у 15-ты раз і адзначаеш. Тут у любым разе цікава”.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі