“Басовішча”: Вольскі з хорам, Re1ikt з дудкамі і “Крама” з новым альбомам

Да юбілейнага “Басовішча-2014”, якому сёлета спаўняецца 25 гадоў, застаецца тры тыдні. Канчатковы спіс гуртоў дагэтуль не аб’яўлены, але некаторыя ўдзельнікі ўжо абвешчаныя. Еўрарадыё запытала ў музыкаў, якія выступаць на сцэне ў Борыку, чым яны збіраюцца здзіўляць публіку.

Як паведамлялася раней, “Крама” прэзентуе на “Басовішчы” новы альбом.

“Калі ўсё ўдала складзецца па часе з запісам ды звядзеннем і майстарынгам у Маскве, то новы альбом мы будзем прэзентаваць на “Басовішчы”. Размова вядзецца не пра проста пайграць новыя песні, а менавіта з фізічнымі дыскамі, каб была паўнавартасная прэзентацыя”, — распавядае Еўрарадыё гітарыст гурта Сяржук Трухановіч.

“Крама”

80 адсоткаў з новага альбома, які рыхтуецца да выхаду, пакажуць на “Басах” і “здаровыя лосі” гурт IQ48.

"Мы прыедзем на "Басовішча" з новай праграмай, новымі песнямі, новым альбомам — пакажам адсоткаў 70-80 з яго. Будзе вялікая прэм'ера, — дзеліцца сакрэтамі ўдзельнік гурта Яўген Бузоўскі. — Насамрэч, мы заўжды на "Басах" нешта эксклюзіўнае паказваем, бо для нас гэта важны фестываль, мы яго вельмі любім. "Басовішча" зрабіла з нашага гурта тое, чым ён з'яўляецца цяпер. Па-першае, нашы тэксты сталі беларускамоўнымі, па-другое, мы пачалі рабіць сучасную беларускую альтэрнатыўную музыку".

IQ48

У адрозненне ад калег, гурт :B:N: паказваць новую і нават ужо запісаную пласцінку на фэсце не збіраецца.

""Крама" няхай прэзентуе новы альбом. А мы — адну-дзве песні з новага матэрыялу сыграем, — смяецца фронтмэн гурта Алесь Лютыч. І дадае. — Спачатку яшчэ трэба візы атрымаць, бо засталося менш за 3 тыдні да фэсту, а запрашэнні для амбасады ніхто з гуртоў не атрымаў. Маюць візы толькі "Крама", "Нізкізы" і "Дзюбеля", таму іх адразу і запрасілі. Карацей, чакаем інфармацыі".

B:N:

У абноўленым і некалькі нечаканым амплуа перад гледачамі “Басовішча” з'явіцца і беларускі гурт Re1ikt.

"Для "Басовішча" мы падрыхтавалі канцэртную версію песні "Песняроў" "Журавы на Палессе ляцяць", які мы рабілі для новага трыб'юта "Песняроў", — распавядае бубнач каманды Аляксандр Дземідзенка. — Да таго ж, упершыню на фэсце мы будзем граць нашы песні як з новага, так і старога рэпертуару з, умоўна кажучы, духавымі інструментамі, якія мы пакрысе пачынаем уводзіць у наш калектыў".

Re1ikt

Музыка падкрэслівае, што духавыя інструменты — гэта не абавязкова трубы і трамбоны. Гэта могуць быць і маленькія інструменты накшталт казу. Дарэчы, на духавых будуць граць саліст гурта Уладзімір Казлоў, басіст Зміцер Наркевіч і ўласна, Аляксандр Дземідзенка.

А вось Neuro Dubel наконт сюрпрызаў для “Басоў” не замарочваецца.

"Самае лепшае, што ёсць у нашай творчасці, усё будзе прадстаўленае на "Басовішчы", — абяцае Аляксандр Кулінковіч. — А ўвогуле, гэта першы фэст, на якім мы ўбачылі свет, і "Басы" для нас — гэта ўваход у гэты свет. Гэта істотны фэст, на якім людзі могуць паслухаць рэальную беларускую музыку".

Neuro Dubel

Магілёўцы Nizkiz, якія ўпершыню сёлета едуць на “Басовішча”, пакуль не думалі над праграмай да фэсту. Але, завярае саліст гурта Аляксандр Ільін, перакладаць свае песні на беларускую мову, фарматную для фэста, гурт не збіраецца. Хаця час нешта прыдумаць яшчэ ёсць.

А вось Лявон Вольскі выступіць на “Басовішчы-2014” з… дзіцячым праектам 25 АВ-ВА Orkiestra, з якім выканае свае асноўныя хіты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі