БАТЭ больш плаціць беларусам, а мінскае "Дынама" — замежнікам
Самая вялікая зарплата ў беларускім чэмпіянаце ў Віталя Радзівонава — 16 тысяч долараў, Удожы з "Дынама" атрымлівае 15 тысяч.
Нападаючы БАТЭ Віталь Радзівонаў, а таксама былыя гульцы барысаўскага клуба Сяргей Крывец і Ягор Філіпенка апынуліся самымі высокааплатнымі гульцамі чэмпіянату Беларусі па футболе. Па звестках сайта by.tribuna.com, месячны заробак кожнага з іх у мінулым сезоне складаў 16 тысяч долараў. Адзначым, што ў топ-20 самых дарагіх гульцоў першынства трапілі 10 футбалістаў БАТЭ, 9 — "Дынама-Мінск" і адзін гулец "Мінска".
By.tribuna.com адзначае, што крыніцамі закрытай інфармацыі для рэйтынгу выступілі менеджэры клубаў, футбалісты, трэнеры, агенты — усе тыя, хто здольны праліць святло на самы схаваны бок беларускага футбола.
Рэйтынг адлюстроўвае месячны заробак гульцоў у доларах ў мінулым сезоне згодна з курсам на пачатак 2014 года. (1 у.а. — 10.000 рублёў). Адзначым, што памер заробкаў да замежнай валюты прывязаны толькі ў БАТЭ і мінскім "Дынама". Таму заробак футбалістаў астатніх дзесяці клубаў да канца года ў значнай меры дэвальваваўся. Асабліва калі ўлічыць, што абсалютная большасць клубаў не разлічыліся з гульцамі да гэтага часу. Да прыкладу, заробак у 40 мільёнаў на пачатак года — гэта 4 тысячы долараў, цяпер — крыху больш за 2,5.
Усяго ў рэйтынг трапіла 70 самых вялікіх заробкаў беларускага футбола.
Прыводзім першую 20-ку:
- Віталь Радзівонаў — БАТЭ — 16
- Ягор Філіпенка — БАТЭ — 16
- Сяргей Крывец — БАТЭ — 16
- Чыгозе Удожы — Дынама Мінск — 15
- Адама Дыямандэ — Дынама Мінск — 15
- Умару Бангура — Дынама Мінск — 15
- Эрнан Фігірэда — Дынама Мінск — 14
- Аляксандр Паўлаў — БАТЭ — 13
- Ігар Стасевіч — Дынама Мінск — 11
- Эдгар Аляхновіч — БАТЭ — 11
- Аляксандр Валадзько — БАТЭ — 11
- Філіп Младэнавіч — БАТЭ — 10
- Неманя Тубіч — БАТЭ — 10
- Алег Вераціла — Дынама Мінск — 10
- Уладзімір Хвашчынскі —Мінск — 10
- Слабадан Сімавіч — Дынама Мінск — 10
- Неманя Нікаліч — Дынама Мінск — 10
- Аляксандр Гутар — Дынама Мінск — 10
- Дзмітрый Бага — БАТЭ — 9
- Дзмітрый Мазалеўскі — БАТЭ — 9
З поўнай версіяй ТОП-70 беларускіх футбольных заробкаў можна азнаёміцца тут.
У сваю чаргу журналісты інтэрнэт-рэсурсу "Салідарнасць" з 70 удзельнікаў рэйтынгу абралі 5 найбольш пераацэненымі гульцоў.
1. Адама Дыямандэ (15 тысяч долараў за месяц)
Форвард стаў галоўным трансферным праколам мінулага сезона не толькі ў мінскім "Дынама", але і ва ўсім чэмпіянаце. Дыямандэ купілі ў нарвежскага "Стрэмгодсета", каб ён наводзіў жах на абарону сапернікаў. Але ў 23 матчах чэмпіянату нападаючы забіў толькі тры галы. Цяпер "Дынама" збіраецца пазбавіцца ад гэткага "каштоўнага" набыцця. Магчыма, Юрыю Чыжу прыйдзецца прыплаціць клубу, які пагодзіцца прыгрэць Дыямандэ :)
2. Эрнан Фігерэда (14 тысяч долараў за месяц)
Уругваец лічыўся адным з лідараў мінскага "Дынама". Але ў 2014 годзе ён зусім знік. У 29 матчах чэмпіянату Фігерэда забіў толькі 2 галы — у пяць разоў менш, чым сезонам раней. Паўабаронца ужо пакінуў Беларусь і цяпер абараняе колеры калумбійскага "Дэпартэс Таліма".
3. Аляксандр Паўлаў (13 тысяч долараў за месяц)
Сезон у хаўбека БАТЭ відавочна не задаўся. У 28 матчах нацыянальнага першынства — 1 гол.
4. Неманя Тубіч (10 тысяч долараў за месяц)
Серб, закліканы ўмацаваць абарону барысаўчан напярэдадні іх старту ў Лізе чэмпіёнаў, запомніўся галоўным чынам кашмарнымі памылкамі. Зрэшты, страціў БАТЭ на гэтым абаронцы не так ужо шмат. Тубіч дастаўся клубу як вольны агент, атрымліваў заробак менш за паўгода і ўжо адбыў дадому.
5. Аляксандр Гутар (10 тысяч долараў за месяц)
Галкіпер мінскага "Дынама" страціў не толькі статус асноўнага варатара нацыянальнай зборнай, але і пачаў прайграваць канкурэнцыю ў клубе. Восенню малады Сяргей Ігнатовіч гуляў у "рамцы" сталічнага клуба часцей, чым лепшы футбаліст Беларусі 2011 года.