Байцы MMA правялі турнір на даху ў цэнтры Мінска
Увечары 20 жніўня на даху гандлёва-забаўляльнага цэнтра Galleria у самым цэнтры Мінска размясцілі вялікую клетку для баёў па правілах ММА (змешаныя баявыя мастацтвы). Турнір пад назвай New Fighting Generation ставіў перад сабой мэту знайсці новых маладых і таленавітых байцоў. У клетку заходзілі ў асноўным хлопцы, узрост якіх не перавышаў 24 гады. Нягледзячы на гэта, паслужны спіс некаторых ужо складаўся з тытулаў чэмпіёнаў Беларусі па самба, рукапашным баі, джыу-джыцу і панкратыёне.
Наймацнейшых выяўлялі ў трох вагавых катэгорыях. Тут былі эфектныя ўдары, кідкі, барацьба, контрпрыёмы і кроў. Пераможцамі сталі Дзмітрый Раманаў і Уладзіслаў Мышкевіч. Яшчэ адзін фінал так і не скончыўся: адзін з байцоў на самым пачатку бойкі трапіў пальцам у вока саперніку і таму спатрэбілася дапамога медыкаў. У выніку суддзі перанеслі бой на другі дзень.
Як праходзілі баі па правілах аднаго з самых відовішчных відаў баявых мастацтваў — у нашым вялікім фотарэпартажы.