Беларусь прыпыніла ўвоз у Расію свініны, якая не прайшла тэрмаапрацоўку
Паведамляецца, што з 11 снежня Расія можа аднавіць пастаўкі з некаторых жывёлагадоўчых прадпрыемстваў Беларусі.
Ад 10 снежня прыпыняецца сертыфікацыя прадукцыі са свініны для пастаўкі з Беларусі ў Расію. Такое рашэнне прыняў дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. Пра гэта паведамляе РІА "Новости" са спасылкай на Рассельгаснагляд.
Наша краіна прыпыніла пастаўкі прадукцыі са свініны, якая не прайшла тэрмаапрацоўкі пры тэмпературы +72°С і вышэй у тоўшчы прадукту на працягу 30 хвілін.
Нагадаем, што пад забарону ў Расіі трапілі пастаўкі прадуктаў з больш як 20 беларускіх прадпрыемстваў. Прычынай называюцца геном віруса АЧС, мікробнае забруджванне і антыбіётыкі. Беларусь і Расія пачалі сумесныя праверкі шэрагу прадпрыемстваў.
У сераду памочнік кіраўніка Рассельгаснагляду Аляксей Аляксеенка паведаміў, што з 11 снежня Расія можа аднавіць пастаўкі з некаторых жывёлагадоўчых прадпрыемстваў Беларусі. Пры гэтым чыноўнік не ўдакладніў колькасць і назвы прадпрыемстваў.
Фота — ria.ru