Беларусь спрабавала прадухіліць галасаванне ў ААН па Крыме
Беларусь спрабавала прадухіліць галасаванне ў камітэце Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных нацый па правах чалавека па праекце рэзалюцыі з прычыны парушэння правоў чалавека Расіяй у Крыме. Пра гэта ў Facebook піша крымскататарская журналістка Эмінэ Джэпар. Беларускія прадстаўнікі спрабавалі скарыстацца працэдурай no action motion, паводле якой адбылося галасаванне за адмову не разглядаць адразу чатыры рэзалюцыі (па Крыме, Сірыі, КНДР і Іране). Аднак прапанова не прайшла, яе падтрымалі толькі 32 краіны, 37 устрымаліся, а 101 былі супраць.
Як адзначае dialog.ua, на такія паводзіны прадстаўнікоў Беларусі была рэакцыя ад імя ўкраінскага прадстаўніцтва ў ААН. Пастаянны прадстаўнік Украіны Уладзімір Ельчанка ў Twitter напісаў: "Вось такія ў нас сябры!". Ён назваў беларускую ініцыятыву "ўдарам у спіну".
Вядома, што згаданая рэзалюцыя заклікае асудзіць масавае парушэнне правоў чалавека ў Крыме і ўтрымлівае патрабаванне да расійскага кіраўніцтва выконваць абавязацельствы, як гэтага патрабуе міжнароднае права. За рэзалюцыі прагаласавалі 73 прадстаўнікі, супраць — 23, устрымаліся — 76. Супраць галасавалі такія краіны, як Беларусь, Ангола, Арменія, Балівія, Бурундзі, Камбоджа, Кітай, Куба, Каморскія астравы, КНДР, Казахстан, Індыя, Іран, Расія, Нікарагуа, Сербія, Паўднёваафрыканская рэспубліка, Судан, Сірыя, Узбекістан, Венесуэла, Эрытрэя, Зімбабвэ.