Беларусь стала яблыкам разладу паміж літоўскімі прэзідэнтам і міністрам
Літоўскі міністр замежных спраў Вігаўдас Ушацках пайшоў у адстаўку. Адной з прычын стаў разлад з прэзідэнтам Грыбаўскайтэ па адносінах з Беларуссю.
21 студзеня міністр замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацках пайшоў у адстаўку. Апошняй кропляй у канфлікце паміж міністрам і літоўскім прэзідэнтам стаў розны погляд на адносіны з Беларуссю.
Лінас Балсіс: "Сумесная праца з міністрам не была ўдалай і неперспектыўная, бо ён згубіў давер прэзідэнта", — так пракаментаваў сітуацыю прэс-сакратар літоўскага прэзідэнта Далі Грыбаўскайтэ Лінас Балсіс.
Літоўскі міністр выступаў за больш прынцыповую, збудаваную на дэмакратычных каштоўнасцях, палітыку ў адносінах з Беларуссю. Прэзідэнт Літвы глядзіць на Беларусь больш прагматычна.
Разлад паміж міністрам і прэзідэнтам быў і раней. Напрыклад, адносна патаемнай турмы ЦРУ, якая магла існаваць на тэрыторыі Літвы. Але на пытанне літоўскіх журналістаў аб канкрэтных прычынах незадаволенасці міністрам, Лінас Балсіс узгадаў толькі адну.
Лінас Бальсіс: "Дыпламатыя і замежная палітыка – такая тонкая сфера, у якой можа цяжка агучыць тую ці іншую інфармацыю, ды шмат якія дыпламатычныя рэчы публічна і не абмяркоўваюцца.... Можна прыгадаць некаторыя рашэнні ў дачыненні да суседніх краінаў, якія з боку міністра былі зробленыя ва ўльтыматыўнай форме, тым часам як прэзідэнт выступае за палітычны дыялог".
Размова, відавочна, ідзе пра дыпламатычную ноту, якую Літва даслала Беларусі ў сувязі з так званай “справай 13 студзеня”. У гэты дзень 1991 года савецкія войскі падчас разгону акцый пратэстаў забілі 14 чалавек. Літоўская пракуратура распачала крымінальныя справы супраць генерала Ўладзіміра Ўсхопчыка і Станіславы Юанене, якія цяпер жывуць у Беларусі. Але беларуская пракуратура адмаўляецца выдаваць іх Літве.
Сам Ушацкас прызнаў, што нота Беларусі была ўручаная без ведама прэзідэнта. І адзначыў, што міністэрства замежных спраў “штодня дасылае ноты і некаторыя сапраўды не ўзгадняюцца з прэзідэнтурай”. Ушацках не згодны з Грыбаўскайтэ, што ноты шкодзяць палітычнаму дыялогу
Вігаўдас Ушацкас: "Ноты – гэта абавязак міністэрства нагадваць некаторым дзяржавам, што ім належыць выконваць двухбаковыя пагадненні. Дасыланне нотаў не шкодзіць ніякім палітычным дыялогам, наадварот гэта стымулюе палітычны дыялог, заклікаючы да рэалізацыі дамоўленасцяў".
Нагадаем, у часе свайго візіту ў Вільню 17 верасня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая супрацоўнічаць з Літвой па "справе 13 студзеня".
Грыбаўскайтэ шмат гадоў правяла ў Бруселі, займаючы пасаду еўркамісара. За гэты час яна добра засвоіла еўрапейскія палітычныя прынцыпы. Яе стыль заўважна адрозніваецца ад стылю папярэдняга літоўскага прэзідэнта Валдаса Адамкуса, гаворыць літоўскі палітычны аглядальнік Віктар Дзенісенка.
Віктар Дзенісенка: "Абранне Грыбаўскайтэ прэзідэнтам вельмі хутка прывяло да зменаў у знешнепалітычнай стратэгіі Літвы. Валдас Адамкус адкрыта выступаў за дэмакратычныя пераўтварэнні ў краінах Усходняй Еўропы. Напрыклад, падтрымаў Аранжавую рэвалюцыю ва Ўкраіне, падтрымліваў палітычную апазіцыю ў Беларусі. Грыбаўскайтэ ж прыняла Лукашэнку на самым высокім узроўні, мае больш прагматычны погляд на адносіны з Расіяй. Можна казаць пра тое, што Літва ўступае ў пэўную эру Realpolitik".
Больш прынцыповы стыль Вігаўдаса Ушацкаса быў фактычна працягам стылю прэзідэнта Валдаса Адамкуса. Гэта і магло выклікаць канфліктную сітуацыю, адзначае эксперт.
Мажлівымі наступнікамі Ўшацкаса могуць стаць старшыня камітэта па замежных справах Сейма Аўдронюс Ажубаліс, дэпутат Сейма Вілія Алекнайтэ-Абрамікене альбо адзін з віцэ-старшыняў міністэрства замежных спраў: Шарунас Адамавічус альбо Аста Скайсгірытэ, паведамляе партал rytas.lt.
Вось пра якія цікавыя падрабязнасці канфлікта паміж літоўскім прэм'ерам і прэзідэнтам паведамляюць літоўскія СМІ:
"Неафіцыйныя крыніцы “Lietuvos ryto” паведамляюць, што Ўшацкас выклікаў гнеў прэзідэнта яшчэ ў верасні мінулага года, калі яны разам наведвалі ў Нью-Ёрку сесію Генеральнай Асамблеі ААН. Тады пасля візіту беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Літву шмат высокіх чыноўнікаў ЗША пыталі Ўшацкаса, хто вырашыў, каб апошні еўрапейскі дыктатар так ветліва быў сустрэты ў Вільні.
Міністр меў неабачлівасць удакладніць амерыканцам, што гэта было жаданне самой Грыбаўскайтэ запрасіць у Вільню Лукашэнку, а ён быў проста выканаўцам пажадання прэзідэнта.
Крыніцы “Lietuvos ryto” пацвердзілі, што пра тую размову Ўшацкаса даведалася Грыбаўскайтэ. З таго часу прэзідэнт неаднаразова не прымала ў сябе міністра замежных спраў, і [...] яе ультыматум стаў натуральным канцом даўно наспелага канфлікту".
Фота: Andrius Ufartas/BFL