Беларускім чыноўнікам забароняць мець рахункі ў замежных банках
А за злачынствы на дзяржслужбе іх могуць пазбавіць пенсіі.
Такія нормы прапануе законапраект "Аб барацьбе з карупцыяй", апублікаваны ў аўторак для грамадскага абмеркавання. Пазнаёміцца з ім можна, напрыклад, на сайце газеты "СБ — Беларусь сегодня".
Згодна з законапраектам, дзяржаўная службовая асоба не мае права мець рахункі ў замежных банках, за выключэннем выпадкаў выканання дзяржаўных функцый у замежных дзяржавах і іншых выпадкаў, устаноўленых заканадаўчымі актамі.
Таксама законапраект прапануе забараніць чыноўнікам займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю асабіста або праз іншых асоб. Забараняецца чыноўнікам і выконваць на службе ўказанні і даручэнні палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў, у якія яны ўваходзяць.
Таксама прапануецца, каб штогод дэкларацыі аб падатках падавалі не толькі самі чыноўнікі ды іх мужы і жонкі, але і непаўналетнія дзеці, а таксама блізкія сваякі.
Фота — komy-za-50.ru