Беларускія валейбалісткі дасягнулі найлепшага поспеху за 15 гадоў
Жаночая нацыянальная зборная прабіліся ў 1/8 фінала чэмпіянату Еўропы.
У аўторак, 10 верасня, беларускія валейбалісткі сустрэнуцца з Турцыяй.
У групавым этапе кантынентальнага першынства (яно праходзіць у Нямеччыне і Швейцарыі) нашы дзяўчаты спачатку ва ўпартай барацьбе прайгралі расіянкам. А ў наступнай гульні нечакана для многіх пераўзышлі азербайджанак — 3:1. Пры гэтым беларускі здолелі выбрацца з цяжкай сітуацыі, калі ў першай партыі саступалі дзесяць мячоў. У заключнай гульні беларускі не здолелі абыграць харватак, але ў 1/8 фінала прабіліся.
“Для беларускай каманды гэта першая перамога на кантынентальных форумах за апошнія 15 гадоў. Папярэдні поспех датаваны 1997 годам, калі зборная перамагла ў адной гульні, адолела балгарак”, ― паведамляе прэс-сакратар Федэрацыі валейбола Беларусі Аляксандр Новікаў.
Нагадаем, што гэты чэмпіянат Еўропы для беларускай зборнай распачаўся са скандалу: валейбалісткам выдалі не ўсю належную амуніцыю, хоць потым пераважную частку формы яны атрымалі.