Беларусы плацяць за мяса болей за ўсіх суседзяў (фота)

З 1 красавіка дзяржава перастае кантраляваць кошты на мяса, а з 21 мая павышае закупачныя кошты на кураціну. Захопленыя хакеем беларусы не адразу заўважылі рэзкае падаражанне мяса.

Калі шыю ці сцягно на Камароўцы раней можна было набыць за 90-120 тысяч рублёў, дык цяпер — за 140-160 тысяч ў сярэднім! Прычым, латкоў менавіта са свінінай няшмат.

У рэзкім падаражанні свініны ды яе недахопе прадаўцы ды чыноўнікі вінавацяць афрыканскую чуму свіней, што пранеслася ў 2013 годзе. Маўляў, чума выкасіла пагалоўе.

“Свініны ў краіне не хапае катастрафічна. Але, думаем, сітуацыя выправіцца, трэба трошкі пачакаць — свінні ж хутка вагу набіраюць”, — кажуць Еўрарадыё на Бабруйскім мясакамбінаце.

Чыноўнікі з Мінгандлю каментуюць, што ніякіх праблем з пастаўкамі свініны няма, трэба проста актыўней шукаць пастаўшчыкоў.

І Мінгандаль мае рацыю: згодна з Белстатам, пагалоўе свіней ў студзені гэтага года ўсяго на 600 тысяч меншае ў параўнанні са студзенем 2013-га. А за чатыры месяцы гэтага года пагалоўе свіней скарацілася на 100 тысяч! Гэта не крытычна. Які тады дэфіцыт?

Яшчэ адна папулярная версія прычын недахопу мяса і рэзкага падаражання — вываз мяса, як свініны так і кураціны, на расійскія рынкі. Пра гэта кажа і міністр эканомікі Мікалай Снапкоў:

"Цяпер падняліся закупачныя кошты на кураціну ў Расіі. Вытворцам стала выгадней пастаўляць сваю прадукцыю на экспарт, таму каб сельгаспрадпрыемствы накіроўвалі мяса на унутраны рынак, Мінэканомікі вырашыла павысіць максімальны адпускны кошт на 10%”, — методыка абароны свайго рынку даволі дзіўная. Калі раней можна было набыць курынае філе па 50 тысяч за кіло, дык цяпер — за 70 тысяч за кілаграм.

Цікавімся, як змяніліся кошты ў суседзяў. Сяброўка з Вільні прыводзіць прыклады і на пытанне, ці даражэла мяса ў іх за апошнія два месяцы, прызнаецца, што такога не было:

“Курыца каштуе каля 10 літаў (ад 40 тысяч рублёў), а свініна даражэй — 15 літаў, ад 60 тысяч рублёў”.

У Беластоку мяса не даражэйшае. Свініна каштуе 17-26 злотых злотых (максімум — 83 тысячы беларускіх рублёў).

Але што Еўрасаюз — па версіі чыноўнікаў ўсё мяса вывезлі ў Расію!

Дазвоньваемся Алене ў Каўроў (Уладзімірская вобласць, Расія). Дзяўчына ніяк не можа ўспомніць, калі даражэла курыца ці свініна.

“Неяк перад новым годам, а потым зноў патаннела. Цяпер цалкам курыца каштуе 80 расійскіх рублёў (23600 беларускіх рублёў), філе — каля 170 (50150 рублёў), свініна трошкі даражэйшая — 220-250 рублёў (64000 рублёў), фарш курыны — таксама ў раёне 170 тысяч рублёў”, — кажа Алена.

Паліна са Смаленска нават заглядае ў халадзільнік, каб назваць кошты на кураціну. У халадзільніку яна знаходзіць толькі курыны фарш па 50 000 беларускіх рублёў за кілаграм.

Юля са Смаленска купляе часам і беларускую курыцу. Кошт і якасць яе задавальняюць.

“Курыца — каля 100 рублёў за тушку (30 000 рублёў). А філе курынае — каля 170 рублёў (51 000 рублёў) за кілаграм”.

Карыстальнікі сацсетак нават прысылаюць кошты з Масквы — у маскоўскіх крамах кошты на свініну як і ў Мінску — 120-180 тысяч за кіло свініны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі