Бельгійскія футбалісты “вяртаюць” многім суайчыннікам грошы за тэлевізары
Бельгійскія футбалісты паспрыялі таму, што цяпер многія іх суайчыннікі змогуць вярнуць грошы за набытыя тэлевізары. Як піша meduza.io, сетка крамаў тэхнікі Krefel яшчэ ў траўні абвясціла рэкламную акцыю: калі зборная Бельгіі заб’е на чэмпіянаце свету 15 і болей галоў, пакупнікам вернуць 100% грошай, заплачаных за тэлевізары.
Да матчу за трэцяе месца Бельгія мела 14 галоў на мундыялі, а на апошняй гульні забіла яшчэ два гола, то бок, усяго ў яе атрымалася 16 мячоў. Цяпер сетка крамаў распачала выплаты пакупнікам.
Некаторыя гульцы каманды ведалі пра акцыю. Напрыклад, Дрыс Мертэнс казаў, што яго сябры набылі тэлевізар у Krefel, таму ён пастараецца, каб яны атрымалі яго задарма. На гэтым чэмпіянаце ён сапраўды забіў адзін гол у матчы з Панамай на групавым этапе, а таксама адзначыўся адной голевай перадачай.