Блогерам Пятрухіну і Кабанаву не дадуць выступіць з апошнім словам на судзе
18 сакавіка ў Ленінскім судзе Магілёва не задаволілі хадайніцтва Сяргея Пятрухіна, які хацеў выступіць на працэсе з апошнім словам. Блогер планаваў выказаць сваю пазіцыю наконт абвінавачання, перадае Радыё "Свабода".
Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава судзяць па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Ім пагражае да трох гадоў зняволення. Абодва блогеры трапілі за краты яшчэ да выбараў. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.
11 лютага на першым судовым пасяджэнні суддзя Вольга Краўчанка выдаліла з залы абодвух абвінавачаных, і потым на працэс іх не дастаўлялі. Суд ідзе без іх. Пятрухін і Кабанаў адмовіліся прызнаваць законнасць суда.
У сваім хадайніцтве Пятрухін патлумачыў, што падчас папярэдняга следства адмаўляўся даваць паказанні, але хоча агучыць сваю пазіцыю на судзе. Абвінавачванне ён называе "абсурдным, незаконным, не пацверджаным ніякімі фактычнымі доказамі і не адпаведным рэчаіснасці".
Хадайніцтва Пятрухіна падтрымалі яго адвакатка і адвакатка Кабанава. Аднак прадстаўніца дзяржабвінавачання выступіла супраць, і суддзя яе падтрымала.
Наступнае, дзясятае судовае пасяджэнне прызначылі на 25 сакавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.