Больш за 8 тысяч еўра ўжо сабрана ў падтрымку сям'і Вітольда Ашурка

Вітольд Ашурак
Вітольд Ашурак

Больш за 8 тысяч еўра ўжо сабрана ў падтрымку сям'і палітвязня Вітольда Ашурка, які загінуў 21 траўня 2021 года ў шклоўскай папраўчай калоніі №17. Першапачаткова арганізатары збору планавалі сабраць 3 тысячы еўра, але да поўдня 23 траўня, гэта значыць усяго за два дні, на карысць Вольгі, жонкі Вітольда Ашурка, было ахвяраваныя амаль у тры разы больш.

Збор працягваецца на сайце аднаго з фондаў, які адкрываецца з тэрыторыі Беларусі толькі з дапамогай VPN. Заснавальнікаў фонду ўлады Беларусі ўнеслі ў спіс тэрарыстаў. А Аляксандр Лукашэнка вельмі незадаволены, калі фонд збірае грошы ў дапамогу беларусам. Напрыклад, ён рэзка выказваўся, калі чыноўнікі аб'явілі, што ветэраны не атрымаюць аднаразовую выплату да 9 траўня, а фонд прапанаваў людзям скласціся і забяспечыць ветэранаў гэтай выплатай.

"Я нікога не забіў, нікога не падмануў, нічога не скраў. Я рабіў так, як патрабуе маё сумленне", — казаў Вітольд Ашурак падчас суду над сабой. У студзені 2021 года яго асудзілі на 5 гадоў агульнага рэжыму. Але 21 траўня стала вядома пра ягоную смерць, папярэдняя прычына — спыненне сэрца.

Жонка Вітольда Ашурка кажа, што ў яе мужа ніколі не было праблем з сэрцам. Таксама Вольга распавядае, што апошні ліст ад Вітольда прыйшоў 30 красавіка. З таго часу была цішыня, хаця раней лісты прыходзілі кожныя 10 дзён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі