Будуць судзіць "рэйкавага партызана" з Асіповічаў, які нічога не паспеў зрабіць
Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу 43-гадовага жыхара Асіповічаў Аляксея Шышкаўца.
Яго вінавацяць ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні і падрыхтоўцы да здзяйснення акта тэрарызму", паведамляе прэс-служба ведамства. Гаворыцца, што сёлета ў студзені мужчына ўступіў у план "Перамога". Паглядзеўшы ў інтэрнэце матэрыялы пра "рэйкавую вайну" ў Беларусі, ён нібыта вырашыў учыніць тэракт на Беларускай чыгунцы. Шышкавец, як паведамляецца, зрабіў "кактэйль Молатава" паводле рэцэпту з інтэрнэту. Але скарыстацца ім не змог, бо быў затрыманы.
Цяпер мужчына знаходзіцца пад вартай. Беларускія праваабаронцы прызналі Аляксея Шышкаўца палітвязнем.
Як распавядала Еўрарадыё, у Беларусі ўжо вынеслі некалькі прысудаў "рэйкавым партызанам". У бабруйскім судзе 10 жніўня асудзілі трох мужчын і дзвюх жанчын — ім прызначылі да 16 гадоў калоніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.