Бязвізавы рэжым у Беларусі могуць павялічыць з 5 да 12 дзён
Бязвізавы рэжым у Беларусі могуць павялічыць з 5 да 12 дзён. Такой магчымасці не выключае першы намеснік міністра замежных спраў нашай краіны Андрэй Еўдачэнка. У пятніцу ён адказваў на пытанні ўдзельнікаў семінара, прысвечанага актуальным пытанням міжнароднай дзейнасці нашай краіны, арганізаванага Нацыянальным сходам, інфармуе Радыё Свабода.
Еўдачэнка паведаміў, што магчымасць павелічэнне бязвізавага рэжыму да 12 дзён вывучаецца. “Мы выступаем за павелічэнне тэрміну. Ёсць прапанова ўдвая павялічыць тэрмін знаходжання на нашай тэрыторыі замежнікаў без візы — з пяці дзён удвая, а з улікам выхадных да 12-ці каляндарных сутак”, — сказаў першы намеснік міністра. Аднак, паводле яго слоў, патрэбны нейкі час, “каб улічыць усе аспекты”. Андрэй Еўдачэнка прызнаўся, што “няпроста прымалася рашэнне і аб пяці днях”.
Пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін пачаў дзейнічаць у Беларусі з 12 лютага. Яны мусяць прыбываць у нашу краіну праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. Амаль адразу пачаліся размовы пра тое, што тэрмін варта павялічыць “да 12-14 дзён”.