Былога намесніка гендырэктара "Нафтана" асудзілі на 12 гадоў

Былога намесніка гендырэктара "Нафтана" асудзілі на 12 гадоў

Віцебскі абласны суд вынес прысуды былым топ-менеджарам ААТ "Нафтан", інфармуе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Віцебскага абласнога суда.

Былому намесніку гендырэктара "Нафтана" па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні прысудзілі 12 гадоў пазбаўлення волі, экс-начальніку ўпраўлення вытворча-тэхнічнай камплектацыі — 9 гадоў, экс-начальніку аддзела камплектацыі — 7 гадоў. Адбываць пакаранне яны будуць у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Акрамя таго, яны будуць на 5 гадоў пазбазўленыя права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, а таксама звязаныя з правядзеннем юрыдычна значных дзеянняў. Маёмасць асуджаных суд пастанавіў канфіскаваць.

На карысць "Нафтана" з былых службовых асобаў спагналі больш за 2 млн рублёў у салідарным парадку. На карысць дзяржавы яны выплацілі даход, атрыманы злачынным шляхам — больш за 400 тысяч рублёў. Таксама на карысць дзяржавы канфіскаваны аўтамабіль Mercedes-Benz 2012 года выпуску, набыты злачынным шляхам.

Паведамляецца, што група менеджараў працягвала сваю злачынную дзейнасць з чэрвеня 2011 года па ліпень 2014-га. Карыстаючыся службовымі паўнамоцтвамі, яны ўступілі ў злачынную змову з трыма прадстаўнікамі камерцыйных структураў. За хабар менеджары падпісвалі кантракты з "Нафтанам". Напрыклад, за адзін з кантрактаў, заключаны ў лютым 2013 года, яны збіраліся атрымаць больш за 900 тысяч еўра. Давесці кантракт да канца яны не здолелі, бо былі затрыманыя аператыўнікамі МУС.

Агульная сума шкоды, нанесенай прадпрыемству, ацэньваецца каля 3,4 млн еўра. Пры гэтым шкоду ў памеры каля 2,4 млн еўра менеджары кампенсавалі падчас папярэдняга расследавання.

Прысуд законную моц не набыў, ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку ў Вярхоўным судзе Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі