Ізраіль і ХАМАС дамовіліся пра вызваленне 33 закладнікаў
Ізраільцяне патрабавалі вызваліць закладнікаў
Ізраіль і ХАМАС дамовіліся аб спыненні баявых дзеянняў у сектары Газа з 19 студзеня і абмене ізраільскіх закладнікаў на палесцінскіх зняволеных.
Перамовы працягваліся працяглы час пры пасярэдніцтве ЗША, Катара і Егіпта.
Гаворка ідзе пра вызваленне толькі часткі закладнікаў — 33 чалавек (ХАМАС можа ўтрымліваць да 100 чалавек). Вядома, што сярод палесцінцаў, якіх збіраюцца вызваліць, ёсць асуджаныя за тэрарызм, у тым ліку і на пажыццёвае зняволенне.
На час перамір'я Ізраіль працягне кантраляваць мяжу з Егіптам (ХАМАС хацеў, каб ізраільцяне адтуль сышлі).
Першы этап пагаднення будзе доўжыцца 42 дні. За гэты час будуць вызначаны ўмовы наступнага этапу.
Падчас крывавага нападу на Ізраіль 7 кастрычніка 2023-га тэрарысты ХАМАС захапілі больш за 250 закладнікаў, каля 1200 мірных жыхароў былі забітыя. Частку закладнікаў Ізраілю ўдалося вызваліць, частка загінула. Ізраіль у адказ на напад распачаў сапраўдную вайну супраць ХАМАС у сектары Газа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.