Ізраільскія вайскоўцы кажуць, што знайшлі целы шасцярых закладнікаў
ЦАХАЛ, фота ілюстрацыйнае
Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што целы шасці захопленых ХАМАСам закладнікаў былі знойдзеныя на тэрыторыі сектара Газа, піша ВВС. Раней Ізраіль заяўляў пра гібель пецярых з іх. Але заставалася надзея, што адзін з закладнікаў — Абрагам Мундэр — усё яшчэ жыве.
Усе шасцёра мужчын былі выкрадзеныя 7 кастрычніка з кібуцаў Нір Оз і Нірым, размешчаных недалёка ад памежнай загароды, усталяванай паміж Ізраілем і сектарам Газа.
Выяўленне целаў дасць блізкім загінулых "неабходнае супакаенне", гаворыцца ў заяве форуму сем'яў закладнікаў. У ім таксама адзначаецца, што вяртанне астатніх закладнікаў з Газы "можа быць дасягнутае толькі шляхам перамоваў". Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен зараз знаходзіцца на Блізкім Усходзе, дамагаючыся дасягнення пагаднення аб спыненні агню і вызваленні закладнікаў.
Паводле афіцыйных ацэнак Ізраіля, у Газе засталося 105 закладнікаў. Мяркуецца, што з іх жывыя 71 чалавек. Яшчэ чацвёра закладнікаў ужо знаходзіліся ў Газе да нападу 7 кастрычніка. Верагодна, двое з іх мёртвыя.
ХАМАС напаў на Ізраіль 7 кастрычніка, забіўшы каля 1200 чалавек і захапіўшы 253 закладнікі. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя тэрыторыі, якое кантралюецца ХАМАСам, з тых часоў у сектары Газа загінула больш за 40 173 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.