“Чорная” пятніца: на пакупку долара ўвялі камісію ў 30% — храналогія

18.40

19 снежня аператары мабільнай сувязі Velcom і МТС спынілі продаж абсталявання ў растэрміноўку, паведамляе БЕЛТА.

Гаворыцца, што прыпыненне — часовая мера. Пра тэрміны, калі адновіцца растэрміноўку, будзе паведамлена дадаткова.

17.45

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў наступным годзе галоўным кірункам працы ў Беларусі будзе жорсткая эканомія.

"Галоўным напрамкам нашай працы з пачатку новага года і ў далейшым будзе найжорсткая эканомія. Мы занадта расхлябана паводзім сябе пры ўсёй нашай руплівасці ў адносінах да фінансаў".

16.30

30% збор на набыццё валюты будзе дзейнічаць, як мяркуецца, да 1 лютага 2015 года. Аб гэтым паведамляе партал tut.by са спасылкай на крыніцу ў камерцыйным банку.

16.10

Нацыянальны банк вырашае пытанне з недахопам валюты Пра такую заяву першага намесніка старшыні праўлення Нацбанка Тараса Надольнага перадае interfax.by.

Надольны паведаміў, што ёсць скаргі на недахоп валюты ў абменніках. "Зараз мы гэтыя пытанні вырашаем, яна замоўленая ў замежных банках, яе стане больш", — сказаў Надольны пра валюту. Ён дадаў, што самалёты з валютай ужо на падлёце да Беларусі.

16.00

“Што рабіць? Не хадзіць па абменніках! Пытанняў па валюце не павінна быць, гэта пытанне тэхнічнае: проста ў нейкі банк можа не давезлі валюту своечасова. Але калі вам трэба, то што ж рабіць, калі шмат людзей — пастаяць у чарзе!", -  каментуе ажыятаж ля абменнікаў Пётр Пракаповіч.

15.45

Курс куплі долара за беларускія рублі ў Вільні за некалькі гадзін у вядомым Medicinos Bankas вырас з 13,5 да 22 тысяч.

15.30

У некаторых крамах тэхнікі чэргі на касах. Людзі набываюць тэлевізары, лядоўні, маніторы. Прадаўцы гавораць пра хуткае з'яўленне новых коштаў.

14.40

Заява кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі: "Вы не хвалюйцеся: што б ні здарылася ў нашай краіне, нават калі горшы сцэнар будзе, мы ўсё роўна за паўгода стабілізуемся дзякуючы той сістэме, якая ў нас у Беларусі створана, - жорсткай сістэме вертыкалі ўлады, жорсткіх патрабаванняў... І калі, не дай бог, сітуацыя дзесьці скалыхнецца, мы імгненна ўключым ўсе рычагі і стабілізуем... Мы ўсё роўна з любой сітуацыі выкараскаемся, таму што мы ўжо не тыя, што былі дзясятак, а, можа, і два дзесяткі гадоў таму назад".

"Таму не трэба ахаць, вохкаць, трэба рыхтавацца да Новага года і Калядаў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

14.30

"Людзі разыходзяцца ад абменнікаў. Чэргі ёсць, але людзі паступова разыходзяцца", - расказвае карэспандэнт Еўрарадыё, які знаходзіцца на вуліцах Мінска.

Тым часам частка банкаў перастала прадаваць валюту ўвогуле. Новыя правілы продажу з 30% зборам пачынаюць дзейнічаць заўтра, 20 снежня.

14.20

Эксперты прагназуюць з'яўленне чорнага валютнага рынку. "Людзі не разумеюць, чаму з імі размаўляюць мовай пагроз і блакіровак іх грошай, якія яны не могуць выкарыстаць нават на новы год. Калі гэта будзе працягвацца, "шэры" рынак будзе пашырацца. І тут можа пачацца самае страшнае, калі людзі пачнуць забіраць свае ўклады з банкаў", - расказаў Еўрарадыё эканаміст Яраслаў Раманчук.

14.00

Перастаюць працаваць інфармацыйныя сайты. TUT.BY, charter97.org, belaruspartisan.org не адчыняюцца.

13.30

Курс долара ў інтэрнэт крамах дасягае 16 тысяч. "Мы сёння праводзім разлікі сыходзячы з 16 тысяч рублёў за долар", - паведамілі Еўрарадыё ў адной з крамаў.

12.45

Курс долара па пластыкавых картках вырас нават да 20 тысяч. "На дадзены момант продаж долара па пластыкавых картках складае 20 тысяч рублёў", - расказалі Еўрарадыё у БСБ банку.

12.30

На сайце Нацбанка апублікаваная пастанова аб увядзенні 30% камісіі на пакупку валюты. Фактычны курс долара вырастае да 14150.

12.20

Перастаюць працаваць сайты банкаў.

12.00

Таргі валютай на біржы перанесеныя на суботу 20 снежня. “Таргі пройдуць заўтра”, — паведамілі там Еўрарадыё.

11.00

Нацбанк забараніў гандаль у растэрміноўку. “Растэрміноўкі ўжо нідзе не афармляюць. Гэта пастанова Нацбанка”, — расказалі Еўрарадыё ў краме “Электрасіла”.Гандаль у растэрміноўку спынілі таксама салоны мабільнай тэхнікі.

10.45

Шэраг банкаў адключыў сервісы “Мабільны банк” і “Мабільны банкінг”.

10.30

У СМІ з’яўляюцца паведамленні, што гандаль валютай на Беларускай валютна-фондавай біржы сёння праводзіцца не будуць. На самой біржы Еўрарадыё пацвердзілі, што таргі перанесеныя на 20 снежня.

10.00

На сумесным паседжанні Савета рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў выступае намеснік прэм’ер-міністра і былы старшыня Нацбанка Пётр Пракаповіч. “Беларусь — незалежная дзяржава. Яна не можа арыентавацца на тыя ці іншыя рашэнні ў іншых краінах. Мы не пойдзем на тое, каб ісці за Расіяй, за дэвальвацыяй нацыянальнай валюты. І ў гэтым няма ніякай неабходнасці”, — гаворыць ён журналістам.

8.00 пятніцы.

Ля абменнікаў чэргі. Большасць з іх пачынае працаваць разам з падвозам партыі валюты.

Ноч з чацвярга на пятніцу 19 снежня

Ля кругласуткавых абменнікаў чэргі, людзі спрабуюць набыць долары і еўра. Курсы вагаюцца ад 11000 на продаж, да 11800 на пакупку.

Фота tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі