Курс беларускага рубля рэзка абваліцца? Прагноз эканаміста
Ці будзе ў Беларусі дэвальвацыя?
Ці магчыма ў Беларусі ў 2025 годзе рэзкая дэвальвацыя рубля? Эканаміст Дзмітрый Крук не выключае падобнага сцэнару.
— Я не скажу, што цяпер імавернасць вельмі высокая. У гэтым выпадку праблема можа прыйсці з Расіі, бо Беларусь цяпер на вельмі гнуткай счэпцы з расіскім рублём. І калі новыя нафтавыя санкцыі супраць Расіі акажуцца эфектыўнымі, то расійскі рубель будзе дапускаць скокі, а беларускі нікуды не падзенецца і пойдзе за ім, — так пра магчымую дэвальвацыю ў эфіры праграмы "Обычное утро" паразважаў старшы навуковы супрацоўнік эканамічнага цэнтра BEROC Дзмітрый Крук.
Эканаміст параўнаў магчымы абвал курсу рубля з дэвальвацыяй 2011 года.
— Чаму ў 2011 годзе гэта адбылося? Дзве ключавыя прычыны: велізарны дэфіцыт гандлю і фіксаваны абменны курс. Дэфіцыт разросся да такіх маштабаў, што яго ўжо цяжка было прафінансаваць. Улады спадзяваліся, што ўдасца прыцягнуць порцыю знешняй пазыкі і зноў адкласці праблему на заўтра. Тады яны да апошняга гандляваліся з Расіяй на тэрміновыя 3 мільярды, і калі б Расія дала гэтыя грошы, то на годзік-другі ўдалося б расцягнуць праблему.
Паводле Крука, да 2015 года ўлады адмовіліся ад фіксаванага абменнага курсу і перайшлі да плавальнага.
— Плавальны абменны курс загадзя страхуе ад назапашвання дэфіцыту гандлю. Бо калі ён назапашваецца — курс будзе аўтаматычна абясцэньвацца і згладжваць гэты дэфіцыт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.