Чысткі працягваюцца: 9 беларускіх адвакатаў пазбавіліся ліцэнзій
Вярхоўны суд Беларусі / Wikipedia
Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці вырашыла прыпыніць дзеянне ліцэнзій 9 беларускіх адвакатаў, паведаміла прэс-служба Мінюста.
"Прынятыя рашэнні аб магчымасці спынення дзеяння ліцэнзій у дачыненні да: Ангельскага У. М., Гулькова В. А., Емяльяненка А. А., Жукава В. Л., Макарава М. Ю., Сагановіч А. А. — у сувязі з прымяненнем у дачыненні да адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з тэрытарыяльных калегій адвакатаў за здзяйсненне правінаў, несумяшчальных са званнем адваката. Спыненне ліцэнзій у дачыненні да: Грыбок А. М., Кішанёва С. І., Міроненкі Д. М. — у сувязі з прынятымі рашэннямі аб немагчымасці выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі", — піша ведамства.
Раней міністр юстыцыі заявіў, што каля 50 беларускіх адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзіі за перыяд 2020-2021. Нагадаем, часцей за ўсё ліцэнзій пазбаўлялі адвакатаў, якія бралі ўдзел у палітычных працэсах або выказваліся пра сітуацыю ў краіне.
Кіраўнік Мінюста заявіў, што ліцэнзіі іх пазбавілі "не за ўдзел, а за парушэнне адміністрацыйнага або крымінальнага заканадаўства". А кваліфікацыйная камісія, маўляў, дзейнічала ў адпаведнасці з законам. Са слоў міністра, чалавек, які ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу і актыўна супраціўляўся супрацоўнікам міліцыі, не можа быць адвакатам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.