Ці абвесцяць жалобу па загінулых на "Пінскдрэве"?

У выніку трагедыі ў Пінску, якая здарылася 25 кастрычніка, загінулі ўжо 14 чалавек. Яшчэ шасцёра застаюцца ў лякарнях.

Да Аляксандра Лукашэнкі звярнуўся Аляксандр Мілінкевіч. Палітык заклікае абвясціць 2 лістапада нацыянальную жалобу. Ліст з гэтым патрабаваннем быў накіраваны сёння кіраўніку краіны, распавёў Еўрарадыё намеснік старшыні руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч: "Мы лічым, што нельга пакідаць па-за ўвагай гора людзей. Адсутнасць рэакцыі з боку кіраўніцтва Беларусі выклікае здзіўленне. Але мы не можам прымусіць кіраўніка краіны абвясціць жалобу. У гэтай справе ўсё ў руках кіраўніка краіны".

Са свайго боку рух "За свабоду" будзе прыцягваць увагу грамадскасці да гэтай праблемы, адзначыў палітык.

У прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі нічога не ведаюць наконт жалобы.

Супрацоўніца прэс-службы: "Да нас такая інфармацыя не паступала".

Дарэчы, у прэс-службе кіраўніка краіны Еўрарадыё параілі звярнуцца ў Брэсцкі аблвыканкам. А там у сваю чаргу адзначылі, што абвяшчэнне жалобы — гэта прэрагатыва кіраўніка краіны.

У Пінскім гарвыканкаме таксама наракаюць на адсутнасць рашэння зверху.

"Гэта прэрагатыва прэзідэнта — заканадаўчая база. Таму мы не можам абвяшчаць жалобу", — распавялі ў гарвыканкаме.

Дарэчы, пасля выбуху ў Пінску Ўладзімір Някляеў прапанаваў адкрыць банкаўскі рахунак для збору сродкаў пацярпелым і іх сем'ям. Днямі такі рахунак мусіць ужо з'явіцца.

Уладзімір Някляеў: “Гэтая прапанова на стадыі рэалізацыі. Яна аказалася не такой простай. Мяркую, на гэтым тыдні. Заўтра-пазаўтра мы гэта вырашым”.

Між іншым, у Пінску ўжо адкрыўся дабрачынны рахунак для пацярпелых на "Пінскдрэве". Яго адкрыла Пінская епархія сумесна з гарадскім Саветам дэпутатаў.

Сродкі, якія паступяць на рахунак, будуць размяркоўвацца гарсаветам сумесна з Пінскай епархіяй паміж сем’ямі загінулых і пацярпелых, паведамляе sabor.by.

У сваю чаргу партыя "Зялёныя" заклікала правесці праверку небяспечных прадпрыемстваў, каб у будучыні пазбегнуць падобных выпадкаў.

Маўчыць наконт жалобы і сайт кіраўніка краіны. Там паведамляецца, што сёння Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Алжырскай Рэспублікі і алжырскі народ з Днём Рэвалюцыі. Кіраўнік краіны запэўніў, што сяброўскія адносіны між нашымі краінамі будуць развівацца і далей.


Фота: http://img.rosbalt.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі