Ці атрымае “Рэспубліка” папярэджанне ад Мінінфармацыі?

"Газета Слонімская", “Intex-Press” і “Ганцавіцкі час” атрымліваюць ад міністэрства інфармацыі папярэджанні. Чыноўнікі караюць “Ганцавіцкі час” і “Intex-Press” за скарачэнне назвы органа, які рэгіструе выданне: “Міністэрства інфармацыі РБ” замест поўнай назвы “….Рэспублікі Беларусь”.

У "Газеце Слонімскай" чыноўнікі не заўважылі пазнаку пра памер накладу, якая, як бачна з pdf-версіі, была на першай старонцы выдання.

Добра, паглядзім у шапіку Белсаюздрука, у якіх дзяржаўных газетах такія ж скарачэнні. Выданне Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — газета “Рэспубліка”, апошні нумар за 27 лютага наогул не указвае, ад каго атрымала рэгістрацыю. Тут пішуць проста: “рэгістрацыйнае пасведчанне №4 ад 19 лютага 2009 года”.

Цяпер чытаем Закон аб СМІ: “У кожным выпуску друкаванага сродку масавай інфармацыі павінны быць указаны: “Рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі, які зарэгістраваў дадзены друкаваны сродак масавай iнфармацыi, нумар пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі”.

Часопіс для дзяцей “Качели” ад Упраўлення адукацыі Мінгарвыканкама  таксама скарачае назву органа, які выдаў рэгістрацыю.

Тое ж з часопісам “Вожык” ад выдавецкага дома “Звязда”. У 12 нумары за мінулы год, рэдакцыя піша "РБ" замест “Рэспубліка Беларусь”.

Па тым жа прынцыпе назву органа, дзе зарэгістраваны часопіс, прапісвае рэдакцыя… баранавіцкай раёнкі “Наш край”. Пра папярэджанне афіцыйнай газеце ў Баранавічах пакуль не вядома. Нагадаем, за два папярэджанні на працягу года міністэрства інфармацыі можа прыпыніць выпуск газеты.

фота - intex-press

“Папярэджанні выносяцца ўсім выданням, якія парушаюць заканадаўства аб СМІ, — тлумачаць Еўрарадыё ў Міністэрстве інфармацыі, — Ёсць усталяваныя назвы дзяржаўных органаў, Рэспубліка Беларусь не скарачаецца”.

Еўрарадыё: Але газета “Рэспубліка” зусім не ўказвае, які орган выдаў пасведчанне аб рэгістрацыі.

Міністэрства інфармацыі: Дзякуй за інфармацыю.

Фота 1: cdnimg.rg.ru, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі