Ці мае значэнне кошт нафты для бюджэтаў нашых суседзяў
Удзельнікі Мытнага саюза — Беларусь, Расія і Казахстан — пры фармаванні гадавога бюджэту ўлічваюць магчымыя кошты на нафту. Сёлета наша краіна услед за Расіяй разлічвае на 50 долараў за барэль, Казахстан — на 40. Аднак гэтая лічба хвалюе толькі тыя дзяржавы, чыя эканоміка моцна завязана на экспарце нафты.
Так, напрыклад, акрамя Расіі, нашы суседзі не асабліва звяртаюць увагу на дадзены паказчык.
Ва Украіне коштам на нафту аперуюць гаспадарчыя суб’екты — Нафтагаз і яго фармальныя канкурэнты. Для дзяржбюджэту нафта нецікавая, аднак у яго закладваецца кошт на газ, які ў 2016 годзе складае 225 долараў за тысячу кубаметраў.
У Літве прагнозы коштаў на нафту таксама асаблівай ролі для бюджэтавання не граюць. Старшы эканаміст банка DNB ў балтыйскіх краінах Кацярына Раяка распавядае, што, як краіна-імпарцёр, Літва мае ў бюджэце пэўныя паказчыкі, аднак увага да іх меншая, чым у экспарцёраў нафты:
Кацярына Раяка: “Пэўныя арыенціровачныя цэны заўсёды ўказваюцца, безумоўна. Але часта ўказваюцца не канкрэтныя кошты, указваецца інтэрвал. Гэта не асноўны паказчык, на гэты паказчык абапіраюцца некаторыя падлікі. Але як на нейкі асноўны арыенцір урад Літвы не абапіраецца настолькі моцна”.
Не закладваюць кошты на нафту і Польшча з Латвіяй. У Міністэрстве фінансаў Латвіі паведамілі, што ў бюджэце фігуруюць толькі кошты на нафтапрадукты. А ў польскім Мінфіне ўвогуле здзівіліся пытанню Еўрарадыё, адзначыўшы, што ўпершыню чуюць пра кошт нафты ў бюджэце.
Дарэчы, Саудаўская Аравія заклала ў бюджэт 29 долараў за барэль, Іран прагназуе ў сваім бюджэце на 2016-2017 год кошт у межах 40 долараў за барэль.