Цімашэнка: Дзякуй за павагу, але прэм’ерам быць не хачу

Пра гэта гаворыцца ў заяве Цімашэнкі, якую распаўсюдзіла прэс-служба “Бацькіўшчыны”.



“Для мяне стала сюрпрызам інфармацыя пра тое, што мяне прапануюць на пасаду прэм'ер-міністра Украіны. Гэтае пытанне са мной ніхто не ўзгадняў і не абмяркоўваў”, — адзначыла Цімашэнка.



“Дзякуй за павагу, але прашу не разглядаць маю кандыдатуру на пасаду кіраўніка ўраду”, — цытуе заяву палітыка “Украінская праўда”.



Нагадаем, што 22 лютага Юлія Цімашэнка выйшла на волю пасля таго, як Вярхоўная Рада прыняла пастанову пра яе вызваленне. У 2011 годзе экс-прэм’ер Украіны і лідар “Бацькіўшчыны” была асуджаная на 7 гадоў зняволення. Ёй інкрымінавалі перавышэнне паўнамоцтваў пры падпісанні газавых кантрактаў з Расіяй у 2009 годзе.


Еўрасаюз і ЗША неаднаразовы называлі гэты прысуд палітычна матываваным і крытыкавалі ўкраінскія ўлады за “выбарчае правасуддзе”.


Адразу пасля зняволення ў Юліі Цімашэнка пачаліся праблемы са здароўем: з траўня 2012 году яна знаходзілася ў харкаўскай лякарні №5 з дыягназам “грыжа міжпазваночнага дыску”. На волю яна выйшла проста з медыцынскай установы. Цімашэнка мае праблемы з перасоўваннем, таму яе вывозілі на інвалідным вазку.



Адразу пасля вызвалення палітык паехала ў Кіеў і выступіла на Майдане з кранальнай прамовай, у якой заклікала пакараць усіх вінаватых у трагічных падзеях з чалавечымі ахвярамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі