Да рок-фэста даехалі хлопцы і дзяўчаты, якіх міліцыянты знялі з аўтобусаў

Да рок-фэста даехалі тыя беларускія аматары музыкі, якіх міліцыянты знялі з аўтобусаў. Яны дабіраліся ўжо сваім ходам. “Еўрарадыё” звязалася з нашым карэспандэнтам Змітром Панямонавым, які цяпер знаходзіцца ва ўкраінскім Луцку ў кампаніі тысячаў удзельнікаў музычнага фэсту “Права быць свабодным”.

Віктар Чайкін: - Прывітанне, Зміцер!

Зміцер Панямонаў: - Прывітанне Віктар, прывітанне вам з Луцка, шаноўныя слухачы Еўрарадыё!

В.Ч.: - Ну, Зміцер, распавядзі, як там цяпер? Што адбываецца? Як уражанні?

З.П.: - Мы баяліся, калі ехалі на фэст, што ўкраінцы не прыйдуць, што іх не цікавіць нашая музыка. Аднак украінцы прыйшлі, тут вельмі шмат людзей, вельмі цёплая, радасная атмасфера, сапраўды адчуваецца дух свабоды.

Даехалі і тыя, каго міліцыянты знялі з аўтобусаў. Яны дабіраліся ўжо сваім ходам. “Вы патрацілі свае грошы, - запытаў я ў іх. - Будзеце імкнуцца іх вярнуць?” “Грошы – не галоўнае, нам важна было якраз адстаяць права быць свабоднымі, і вось мы тут”, - кажуць яны.

Я глыбока спачуваю людзям, якія не здолелі прыехаць на фестываль. Тут сапраўды вельмі файна. Толькі што выступіў гурт "Indiga", і я б хацеў пераадрасавць пытанне пра ўражанні лідэрцы Русі. 

В.Ч.: - Вітаем і цябе, Руся, і тваю "Indigu". 

Руся: - Ой, прывітанне, Віктар, прывітанне дарагія слухачы Еўрарадыё. Тут шыкоўны стары парк, цёмна, сабралася шмат людзей, паляць запальнічкі, танчаць, вяселяцца.

Мы адыгралі свой сэт, пазнаёміліся з файнымі людзьмі, пачулі ўкраінскі гурт “Тінь сонця”, які ўжо стаў легендарным. Спачуваю тым, хто не дабраўся. Варта было.

З.П.: - І ў Беларусі, і ва Украіне людзі чакаюць твайго новага альбому. Прайшла інфармацыя, што вы пачалі падрыхтоўку да таго, каб скампанаваць яго ўвосень. Гэта праўда?

Руся: - Гэта праўда, планы такія: верасень мы скончым пяці-шасці канцэртным турам па Украіне, а 30-га вернемся – і да альбому. 

З.П.: - Гэта была Руся, а цяпер на сцэну падымаецца “Зьніч”, за ім выйдуць “Таварыш Маўзэр”, “Крама”, але пакуль недаехаў “Нэйра Дзюбэль”. Чакаем іх, засталося перад імі 3 каманды, дзве-дзве з паловай гадзіны.

Ну пакуль і ўсё, але вось Руся ірве з рук слухаўку!

Руся: - Дарагія мае, я ўсіх вас цалую, і нясумнай вам ночы ў эфіры з Віктарам Чайкіным!

В.Ч.: - Дзякуй, Руся, да сувязі!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі