Дадатак, які паспрабуе дапамагчы склеіць разбітае сэрца
Ці можа спрацаваць псіхатэрапія праз прыкладанне?
Аўтары дадатку Ex Me хочуць дапамагчы людзям перажываць растанне.
Стваральнікі клічуць свой праект візуальнай навэлай. Гэта фактычна гульня, толькі карысная, кажа заснавальнік праекта — IT-менеджар і псіхатэрапеўт Цім Бимбад.
Карыстач чытае гісторыю, у якой герой тымі ці іншымі спосабамі перажывае растанне. У тэкст інтэграваны апытальнікі. Калі карыстач абірае варыянт адказу, гісторыя адаптуецца пад яго.
“А пачуцці персанажа ўсё больш робяцца падобнымі на пачуцці карыстача. Тым часам у яго сканчаецца энергія — гульнявыя дыяменцікі, і карыстачу прапануюць іх папоўніць, пройдучы медытацыю ці зрабіўшы карысныя практыкаванні. У комплексе гэта павінна дапамагчы перажыць растанне”, — кажа суразмоўца
Еўрарадыё.
Дадатак будуецца галоўным чынам на яго досведзе як псіхатэрапеўта. І дыялогі ў візуальнай навэле шмат у чым заснаваны на яго досведзе гутарак з кліентамі. У камандзе ёсць і пісьменнік — Андрэй Диченко. Сюжэтныя павароты — прыкладам, бойкі ў бары — яго зона адказнасці.
Цім кажа, што працуе галоўным чынам з растаннямі — і галоўным чынам з айцішнікамі. Праўда, не ўсе кліенты, якія прыходзяць, каб перажыць растанне, застаюцца, каб вырашыць і іншыя праблемы.
Для такіх Бимбад і стварыў дадатак, таму што сам хоча працаваць з тымі кліентамі, якія хочуць глыбей зазірнуць у сябе, а не проста разабрацца з адной праблемай.
“Гэта хуткая псіхалагічная дапамога. Заданне — зрабіць так, каб жыць стала больш камфортна, каб чалавек лепш сябе разумеў. Мы вялікі акцэнт робім на эмацыйны інтэлект”, — кажа Бимбад.
Распрацоўнікі ўзялі за грунт пакуль толькі дзве псіхалагічныя тэорыі. Перш высвятляюць, у якіх адносінах знаходзіўся карыстач. Праўда, тут пакуль толькі два варыянты. А потым вызначаюць тып асобы чалавека, абіраючы з 16 варыяцый.
“Варыянтаў значна больш, але мы імкнёмся зрабіць так, каб адбіць самыя тыповыя”, — кажа Цім Бимбад.
Сярод тэхнік, якія прапануюць карыстачам, апроч медытацыі, — успаміны пра падзяку. То бок прапануецца ўспомніць трох людзей, у адносінах да якіх адчуў падзяку ў гэты дзень.
А як адбываецца манетызацыя? За грошы можна будзе купіць “дадатковыя дыялогі” ці паскорыць працэс чытання.
Калі хочаце больш даведацца пра дадатак, глядзіце эфір Еўрарадыё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.