Дар'я Домрачава заняла 4-е месца ў спрынце
Нягледзячы на адсутнасць медаля, яе адставанне ад Кайсы Макярайнен у агульным заліку скарацілася да 33 ачкоў.
Беларуска Дар’я Домрачава фінішавала 4-й у спрынтарскай гонцы, якая прайшла ў рамках этапа Кубка свету па біятлоне ў чэшскім Новым Месце. Да бронзавага медаля ёй не хапіла ўсяго 13 секунд, якія яна саступіла Вераніцы Віткавай з Чэхіі. Домрачавай перашкодзілі два штрафныя колы, да таго ж яна не паказвала звыклую для сябе хуткасць.
Тым не менш, яна скараціла сваё адставанне ў агульным заліку ад Кайсы Макярайнен на 7 балаў — фінская спартсменка сёння няўдала страляла і фінішавала 7-й. Цяпер Дар’і Домрачавай застаецца адыграць 33 ачкі, каб стаць лідарам агульнага заліку.