Дэпутат: Беларусь моцна залежыць ад сусветных коштаў на нафту
Сябра камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Валерый Барадзеня мяркуе, што расійскі рубль цягне за сабой беларускі.
24 жніўня за некалькі гадзін таргоў на валютна-фінансавай біржы курс долара вырас да 17 601 рубля, курс еўра — да 19 935. Дэпутат Валерый Барадзеня ў каментары Еўрарадыё паведаміў, што на яго думку сённяшнія падзеі маюць прычыну ў сітуацыі на ўсходніх біржах і нізкіх коштах на нафту.
“Падаюць сусветныя кошты на нафту, — гаворыць Барадзеня. — Гэта прыводзіць да падзення курса расійскага рубля. А потым і да падзення беларускага. Унікальная сітуацыя — Беларусь практычна не мае ўласных сыравінных рэсурсаў, а моцна залежыць ад коштаў на іх. У дадатак дэвальвацыя казахстанскай валюты, сітуацыя на кітайскай фондавай біржы”.
На думку дэпутата, спрагназаваць далейшыя падзеі на беларускай біржы няпроста, але яны дакладна будуць залежаць ад таго, што адбываецца з сусветнымі коштамі нафты і курсам расійскай валюты.
Фота: Fotolia