Домрачава вырвала для зборнай Беларусі бронзу ў эстафеце
У нямецкім Оберхофе у сераду стартаваў 4-ы этап Кубка свету па біятлоне.
7 студзеня ў нямецкім Оберхофе стартаваў чацвёрты этап Кубка свету па біятлоне. Прайшла жаночая эстафетная гонка 4х6 кіламетраў.
Беларускі стартавалі пад другім нумарам. Надзея Скардзіна на двух агнявых рубяжах адстралялася бездакорна. Яна перадала эстафету на чацвёртай пазіцыі.
Анастасія Дубарэзава закрыла ўсе мішэні на першым рубяжы і ішла першай. Аднак падчас другой стральбы яна скарыстала адразу тры дадатковыя патроны і страціла час. Эстафету Надзеі Пісаравай яна перадала ўжо на шостым месцы, адставанне ад лідара склала хвіліну.
Пісарава на першым агнявым рубяжы адстралялася бездакорна, але на другім "зарабіла" штрафны круг. У выніку, Дар'я Домрачава стартавала на 10-й пазіцыі, прайграючы лідару каля паўтары хвіліны.
На кожным агнявым рубяжы Домрачава скарыстала па адным дадатковым патроне. Яна здолела вывесці зборную Беларусі на трэцяе месца, зрабіўшы гераічны рывок на фінішы і абагнаўшы ўкраінку.
Большую частку эстафетнай гонкі лідыравалі каманды Чэхіі, Францыі і Украіны. Чэшкі выйгралі золата, срэбра ў францужанак.
9 студзеня жанчыны паўдзельнічаюць у спрынце на 7,5 км, 11 студзеня — у гонцы з масавага старту на 12,5 кіламетраў.
Фота: ria.ru