Двух сяброў КХП БНФ пакаралі за "незаконны крыж" у Курапатах

Двух сяброў КХП БНФ пакаралі за "незаконны крыж" у Курапатах

22 студзеня Мінрайвыканкам разгледзеў адміністрацыйныя пратаколы на актывістаў КХП-БНФ — выканаўцу абавязкаў старшыні партыі Юрася Беленькага і сакратара мінскай управы Валерыя Буйвала.

Актывістаў апазіцыйнай партыі аштрафавалі на 382, 5 рубля — за "ўчыненне шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасці". Так былі ацэненыя дзеянні акывістаў, якія замянілі спарахнелы крыж, пастаўлены ў памяць пра літоўцаў, расстраляных у Курапатах, перадае Радыё "Свабода".

Актывісты памянялі крыж 27 снежня 2018 года. Новы крыж быў зроблены грамадзянамі Літвы — "у стылі літоўскага народнага мастацтва". Падчас усталявання новага крыжа ў Курапатах былі два работнікі лясгаса, якія не выказвалі прэтэнзіяў да работаў. Аднак праз дзве гадзіны пасля ўсталявання крыж знік. Выявілася, што работнікі лясгаса вывезлі яго і захоўваюць на сваёй тэрыторыі. 

Адміністрацыйная камісія Мінскага райвыканкама спаслалася на пастанову Міністэрства культуры №1372 ад 2008 года: на ўсталяванне твору манументальнага ці манументальна-дэкаратыўнага мастацтва патрабуецца дазвол мясцовых органаў і заключэнне Мінкульту.

Падставай для штрафу сталі відэаздымкі, як Беленькі і Буйвал ходзяць у Курапатах. Кадраў з усталяваннем крыжа на іх няма. Аднак камісія палічыла гэтага дастаткова для штрафу ў 15 базавых велічыняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі