Дзверы NATO застаюцца адкрытымі — ЗША адказалі РФ на прапановы па бяспецы
Энтані Блінкен / Reuters
ЗША перадалі Расіі пісьмовы адказ на яе прапановы па бяспецы ў еўрапейскім рэгіёне. Змест дакумента кіраўнік амерыканскага Дзярждэпартамента Энтані Блінкен не раскрыў. Але пазначыў некаторыя важныя моманты.
Як паведамлялася раней, Расія чакае ад партнёраў — ЗША і NATO — пісьмовых гарантый непашырэння NATO на ўсход, у тым ліку адмова ад прыёму ў альянс былых савецкіх рэспублік.
"Не ўдаючыся ў падрабязнасці дакумента, я магу сказаць вам, што ў ім паўтараецца тое, пра што мы публічна казалі на працягу многіх тыдняў і, у пэўным сэнсе, на працягу многіх гадоў: мы будзем прытрымлівацца прынцыпу адчыненых дзвярэй НАТА", — заявіў Блінкен. І гэта абавязацельства ЗША маюць намер выконваць.
Блінкен таксама распавёў, што ў сваім адказе ЗША ясна дае зразумець, што "існуюць асноўныя прынцыпы, якія мы імкнемся падтрымліваць і абараняць, уключаючы суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, а таксама права дзяржаў выбіраць свае ўласныя механізмы бяспекі і альянсы".
Тым не менш у Захаду і Расіі ёсць шэраг абласцей у пытаннях бяспекі, "якія маглі б мець значэнне, калі б гэта рабілася на ўзаемнай аснове і добрасумленна". Гаворка ідзе аб размяшчэнні наступальных ракетных сістэм ва Украіне, ваенных вучэннях і манеўрах у Еўропе, патэнцыйных мерах па кантролі над узбраеннямі, павышэнні празрыстасці. Усе гэтыя тэмы могуць быць прадметам абмеркавання.
"Мы гатовыя рухацца наперад там, дзе ёсць магчымасць зносін і супрацоўніцтва, калі Расія спыніць сваю агрэсію ў дачыненні да Украіны, спыніць падбухторшчыцкую рыторыку і падыдзе да абмеркавання будучыні бяспекі ў Еўропе ў духу ўзаемнасці", — адзначыў Блінкен.
Адначасова свой адказ на прапановы Расіі сфармуліравалі і ў Паўночна-Атлантычным альянсе. Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг адзначыў, што для еўраатлантычнай бяспекі наступіў крытычны момант. Паводле яго слоў, Расія працягвае нарошчваць ваенныя сілы ў і вакол Украіны, у тым ліку задзейнічае для гэтага і тэрыторыю Беларусі. Фармулюючы зваротныя прапановы для Расіі кіраўнік NATO заклікаў Маскву "вывесці свае сілы з Украіны, Грузіі і Малдовы, дзе яны размешчаны без згоды гэтых краін".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.